БЕЛ Ł РУС

«Мама, давай напішам заяву ў міліцыю, ён мяне ўжо дастаў». Маці школьніка з Брэста, які скончыў жыццё самагубствам, расказала пра цкаванне сына

23.02.2026 / 00:08

Nashaniva.com

У сярэдзіне лютага ў брэсцкай школе №35 дзесяцікласнік-кадэт скончыў жыццё самагубствам. У сацсетках пісалі, што прычынай стаў булінг. Яго бацькі цяпер расказалі, што падлетка сапраўды цкавалі.

Арцём Карповіч. Тут і далей скрыншоты СТБ

15‑гадовы Арцём Карповіч перайшоў у гэту школу пасля заканчэння пачатковых класаў у іншай установе. Летась яго паставілі на спецыяльны ўлік пасля «правіннасці ў сеціве», расказалі на СТБ.

Маці Святлана кажа, што ў сына была тонкая, ранімая натура. 

«Ён такі тонкі, ён можа заплакаць, калі яго давядуць. Можа, мая віна, таму што я яму з маленькага ўзросту казала «мужчыны таксама плачуць».

Маці Святлана

Пра булінг у школе сын расказваў дома неахвотна. Але за пару дзён да трагедыі адправіў маці паведамленне: «Мама, давай напішам заяву ў міліцыю. Таму што ён мяне ўжо дастаў. Ён увесь час лезе і абзываецца».

Паведамленне, якое Арцём адправіў маці

«У панядзелак мы прыдумалі прычыну, каб ён не пайшоў у школу, таму што яму яшчэ ўсё вось… А ў аўторак ён сабраўся, пайшоў…» — згадвае праз хваляванне Святлана.

У дзень трагедыі яна сабрала сына ў школу, а сама паехала на працу, але на ўрокі сын так і не прыйшоў. Скінуўся з шматпавярховіка.

У апошнім паведамленні, якое ён адправіў у школьны чат, Арцём папракнуў аднакласнікаў і педагога ў цкаванні.

«Гэта ўсё з-за вас, вы мяне дазволілі давесці да такога стану, што я пакіну свой свет», — пісаў хлопец.

Маці кажа, што яны думалі перавесці сына ў іншую школу, яна размаўляла з класнай кіраўніцай, але тая сказала, што ўсё нібыта нармальна. Арцём стаў закрывацца.

Іншыя школьнікі пацвярджаюць: хлопца сапраўды булілі.

Намеснік дырэктара школы пракаментаваў сітуацыю СТБ коратка: «Цкавання не было, булінгу не было».

Чытайце таксама:

У Брэсце дзесяцікласнік-кадэт скончыў жыццё самагубствам

Каментары да артыкула