Былы палітвязень Сяргей Іванцоў: Я прачынаўся ад грукатання ўласных касцей
У палове 1990‑х Зянон Пазняк назваў яго, тады 11‑гадовага хлопца, будучыняй Беларусі, а праз 30 гадоў Сяргей Іванцоў прачынаўся ў мёрзлым ШІЗА шклоўскай калоніі ад грукату ўласных касцей. Былы палітвязень распавёў у размове з «Белсатам», якая рыса характару аб'ядноўвае ўсіх зэкаў і чаму зона — гэта космас для псіхолага-даследчыка.
Размова пачынаецца з турэмнага дэсерту — клейкага бабруйскага зефіру, якім частуе нас Сяргей Іванцоў. Белы, ружовы і чырвоны — паперчаны. Адным комам. Адкалупваць і прысёрбваць гарачым напоем з цыкорыяй. Абсалютнае смакоцце.
«Ён ліпкі, адной рукой бярыце. А тут яшчэ фундук турэмны. Я перадачу з гэтым зефірам недзе за 4 тыдні да вызвалення атрымаў, 60 кілаграмаў, там шмат што было. Гэта цэлая гісторыя, як я гэты «кешар» ва Украіне цягаў па «вызваленні», а потым у Польшчу з ім паехаў. Частуйцеся. Сапраўдны турэмны зефір», — усміхаецца былы палітвязень.
Рыса, якая абʼядноўвае ўсіх зэкаў
Сяргею Іванцову — 41 год. Заўсёдная ўсмешка, сівізна ў валасах («На гэта не глядзіце — я ўжо ў студэнцкія гады меў сівыя валасы, проста ў турме больш стала»). Тры вышэйшыя адукацыі («…і, напэўна, гэта яшчэ не канец»): біёлаг, псіхолаг-даследчык (БДУ) і маркетолаг (Англійскі інстытут маркетынгу). Да гэтага ж з 2015 года — сертыфікаваны трэнер у энеаграме (тыпалогія асобы).
Сяргей прабыў у няволі 1149 дзён — з 21 кастрычніка 2022 года да 13 снежня 2025-га, калі ў ліку 123 палітвязняў быў дэпартаваны з Беларусі ва Украіну. Акрэсціна, Валадарка, Шклоўская калонія, ПК-15 у Магілёве. Як сам падлічыў, да канчатковага адбыцця тэрміну (4 гады) не даседзеў «усяго» паўгода — 180 дзён.
«Але слухайце, да лета 2025 года, я і не збіраўся на волю! Бо разумеў, што ў турме я атрымліваю столькі жыццёвага і псіхалагічнага досведу, пра які на свабодзе можна хіба марыць. Псіхалагічная практыка — касмічная! Ну дзе я на волі збяру 100 чалавек і буду 24 на 7 назіраць за імі? Уключанае назіранне. Псіхалогія, маркетынг, сацыялогія. Столькі назіранняў было, некалькі атрадаў — ваў, космас!» — распавядае Сяргей Іванцоў
Сяргей назіраў і занатоўваў. Назіраў і за асуджанымі, і за турэмнікамі. Нататкі, зробленыя ў 2023 і 2024 гадах, удалося захаваць, яны чакаюць сваёй публікацыі (можа быць бомба), але апошнія, з 2025-га, вывезці не атрымалася.
«Пра тыпы — асобная і доўгая гаворка. А вось рысы характараў зэкаў я аналізаваў. Зэкі розныя, але ёсць адна рыса, якая іх аб'ядноўвае. Усіх — і крымінальнікаў, і «бэчэбэшнікаў». Сказаць, якая?.. Упартасць. Яна ў 99 % асуджаных. Ведаеш, як мой дзед казаў? Закон, казаў, гэта як нітка, нацягнутая на дзвярах: ты можаш пераступіць праз яе, прапаўзці пад ёй, або — зачапіцца. Дык вось упартыя — чапляюцца. І калі нават могуць яшчэ даць задні ход — адмаўляюцца адступаць, ідуць далей і — трапляюць у турму. Я гэта назіраў і сярод вызваленых 123-х. Асабліва ў дзеўчын. Такія змагаркі, што мы і падноска іх не вартыя», — кажа Сяргей.
«Пазняк паказаў на мяне: «Вось яна, будучыня Беларусі!»
Ягоная асабістая «ўпартасць» праявілася хаця б у тым, што аж да самага затрымання ў кастрычніку 2022‑га ён не чысціў свой тэлефон, хоць ведаў, што яго яшчэ са студзеня 2021 года шукаюць за нявінны каментар у чаце «Беларусі галаўнога мозгу»:
«Які вы прадказальны, таварыш маёр» (там сапраўды сядзеў маёр, які ну ніяк не хацеў быць «прадказальным»).
Сяргей не выдаліў перапіску з «Байполам», які дапамог яму ў свой час ідэнтыфікаваць фальшывых працаўнікоў ЖЭСу (насамрэч — супрацоўнікаў МУС), не павыдаляў і фотаздымкі з пратэставых маршаў, у якіх браў удзел. За кантакт з байполаўцамі атрымаў абвінавачанне паводле арт. 361‑4 КК, за здымкі з БЧБ-сцягам — арт. 342 КК. У суме — 4 гады калоніі («суддзя» Любоў Сімахіна).
Ёсць таксама гісторыя, звязаная з яшчэ адным вядомым лідарам беларускай апазіцыі і былым палітвязнем Паўлам Севярынцам. У чэрвені 2023 года яго перавялі са шклоўскай калоніі на турэмны рэжым. 29 лістапада таго ж года Сяргей Іванцоў у кампаніі зняволеных ПК-17, сярод якіх, як расказвае, былі і «жоўтабірачнікі», і зэкі з белымі біркамі, выказаў услых думку, што, «можа, і добра, што Севярынец на турму паехаў, бо там лягчэй будзе».
«Можа, і ты хочаш паехаць за Севярынцам?» — спытаў нехта. «А хто яго ведае…» — адказаў Іванцоў. Здалі Іванцова ўмомант. Ужо ранкам ён стаяў перад начальнікам калоніі Карніенкам і атрымліваў 10 сутак ШІЗА (потым дадалі яшчэ 10) і 4 месяцы ПКТ (адбываў ужо ў Магілёве). За што? За тое, што ў размове «выказваў падтрымку БЧБ-дзеянням і лічыць Паўла Севярынца сваім кумірам».
«Кумірам! Запомнілася мне. Я, чалавек, які ходзіць у царкву, і для якога кумір — Ісус Хрыстос, як, дарэчы, і для Севярынца. А яны мне тут пішуць…» — смяецца Сяргей Іванцоў.
«Я тую нітку, пра якую дзед казаў, даўно цягнуў. Можна сказаць, яшчэ школьнікам у апазіцыі апынуўся. Хочаш смешную гісторыю пра мяне і Пазняка?.. Недзе ў сярэдзіне 1990‑х мой бацька ўзяў мяне з сабой на адну з сустрэчаў з Зянонам Пазняком, якія ў той час ладзіў актывіст Алесь Чахольскі. Мне было каля 10 гадоў. Ну, Пазняк выступаў, прамаўляў нешта, а пад канец паглядзеў на мяне і кажа: «Вось яна, будучыня Беларусі!». Ну і… не памыліўся (смяецца).
Гэтую гісторыю тата мне расказаў. А ў сталым узросце я з Пазняком упершыню толькі тут сустрэўся, у Варшаве, зусім нядаўна. Таксама распавёў яму пра той выступ. Пазняк задумаўся на імгненне, а потым кажа: дакладна тую сустрэчу не помню, але помню, што нешта такое было ў Сухараве ў тыя гады…» — з усмешкай распавядае былы палітзняволены.
«Я прачынаўся ад грукатання ўласных касцей»
Сяргей прызнаецца, што шклоўскі ШІЗА быў, напэўна, самай дрэннай і складанай часткай ягонага «турэмнага шляху». Сяргей распавядае, як спачатку яго змясцілі ў клетку-стакан, дзе ён адчуў сябе сабакам, бо еў на падлозе. Расказвае, як халодна было потым у ізалятары, як штораніцы выслухваў гімн РБ (рукі па швах!), пра голад у ШІЗА.
«Вельмі мала ежы і вельмі халодна. Тэрмабялізна там — пад забаронай. Як біёлаг, я разумеў біяфізіку працэсу: арганізм траціў большасць калорыяў на сугрэў. Я пачаў худзець. Настолькі, што мог пальпіраваць свой локцевы сустаў, спраўджваючы, як жылы мацуюцца да касцей. Упершыню зразумеў, якім худым магу быць. Упершыню зразумеў, што выраз «грукатаць касцямі» — гэта не метафара. І было такое, што сядзіш каля батарэі, засынаеш і раптам — бух! — падаеш і прачынаешся ад нейкага дзіўнага грукатання… Так, я прачынаўся ад грукатання ўласных касцей… Калі аднойчы завялі ў душ памыцца, я зірнуў на сябе ў люстра — аж страшна стала», — сведчыць Сяргей Іванцоў.
Гэта быў снежань 2023 года. Здарылася пры гэтым яшчэ паломка з ацяпленнем ва ўсёй калоніі.
«Тады я перажыў нейкі містычны момант. Вырашыў, што буду паміраць. Змірыўся. Ужо сядзеў і развітваўся з жыццём, маліўся. І ў гэты момант мне здалося, што побач са мной сядае нехта з маіх памерлых продкаў і пачынае са мной размаўляць. Магчыма, гэта быў мой дзед, які памёр у 2020-м. Суцяшаў мяне, казаў, што тэрмін усё адно ідзе, пытаўся, ці прыносяць мне лекі і ежу. Казаў трымацца. І так гэта спакойна гаварыў, што я супакоіўся і мужна перажыў тыя астатнія дні ШІЗА ў Шклове. Дагэтуль лічу, што гэта сапраўды быў дух майго продка…» — расказвае былы палітвязень..
«Яны былі радыя пазбавіцца і мяне, і Фядуты…»
«Містычных момантаў» і іранічных супадзенняў у гісторыі Сяргея Іванцова было насамрэч больш. Хаця б тое, што затрымалі яго 21 кастрычніка — у Дзень бацьці («У Дзень таты маю дачушку пазбавілі таты. Ёй тады было ўсяго 11 месяцаў»). 13 снежня 2022 года дачка зрабіла ў сваім жыцці першыя крокі. У той жа дзень праз тры гады Сяргея датэрмінова вызвалілі. Ён лічыць, што сістэма «сама сябе падкалола», вызваліўшы палітвязняў 13.12 (спалучэнне 1312 ў субкультурах азначае абрэвіятуру «A.C.A.B.» — «All Cops Are Bastards»).
На гадавіну вяселля, седзячы ў ШІЗА, Сяргей атрымаў судовую позву аб… скасаванні шлюбу. Гэта, прызнаецца, было настолькі неспадзявана, што па выхадзе з ізалятару ён быў вымушаны звярнуцца да турэмнага псіхіятра, які выпісаў яму лекі.
Пашкадавала Сяргея нават адміністрацыя магілёўскай калоніі, прызначыўшы на 23 снежня пазачарговае спатканне з бацькамі, якое Сяргей так і не ажыццявіў, бо быў вывезены з зоны 13 снежня. За два дні да нечаканага вызвалення — 11 снежня — Сяргею прынеслі на подпіс судовую пастанову аб разводзе…
«Сяргей, але чаму, як ты думаеш, тваё прозвішча трапіла ў спіс тых 123 палітычных зняволеных, якіх вызвалілі і вывезлі з краіны 13 снежня?» — пытаемся ў былога палітвязня.
«Па-першае, заставалася мне ўжо няшмат — паўгода. Па-другое, надакучыў я ім, відаць, сваімі паездкамі ў «вальнячы» шпіталь у Менск. Справа ў тым, што яшчэ ў 2018 годзе ў мяне здарылася кровазліццё на сятчатку правага вока — гемарагія. Лячэнне было нятаннае — 300 долараў адзін укол. Тады выратавалі маё вока. Але ў 2022 годзе здарыўся рэцыдыў. Я паспеў адну ін'екцыю зрабіць — і мяне закрылі. На ўколы вазілі і з СІЗА-1, і са Шклову, і з Магілёву. Толькі з ПК-15 я 8 разоў ездзіў у шпіталь для асуджаных у Калядзічы.
Таму, канешне, яны былі радыя пазбавіцца і мяне, і Аляксандра Фядуты, напрыклад, з якім мы зблізіліся падчас тых этапаў. І нарэшце, трэцяя прычына, і зноў містычная: я яшчэ ў 2023 годзе на Валадарцы разлічыў і ведаў, што прынамсі 3 лютага 2026 года буду дакладна на свабодзе…» — распавядае Сяргей.
У камеры на Валадарцы, як расказвае Сяргей, вісеў каляндарык, дзе хтосьці ад рукі напісаў: «У 2025‑м — дамоў!». Сяргей успрыняў гэта як знак і як пасланне. Пераканаў сябе, што выйдзе як мінімум у снежні 2025-га, максімум — у студзені 2026-га. Але 3 лютага — будзе ўжо дакладна на свабодзе. У гэты дзень чатыры гады таму пакінула гэты свет бабуля Сяргея.
«І вось, калі я дажыў тут да 3 лютага, я памаліўся за бабулю і падзякаваў Богу. Кажу: у нас з Табой атрымалася, верыў, што дасі мне такую магчымасць, і Ты даў…» — падсумоўвае Сяргей.
«У мяне шмат містычнага досведу было, асабліва ў Шклове. Ведаеш, чым цяжэйшыя ўмовы, тым больш незвычайных, звышнатуральных рэчаў адбываецца ў тваім жыцці. Чым горш умовы — тым больш анёлаў лунае над табой. Хтосьці скажа, што гэта проста дах у чалавека паехаў. Але ж не паехаў, не…» — дадае былы палітвязень.
«Тройкі» там становяцца «казламі», «васьмёркі» — «заўхозамі»
Што да «даху», не маем сумневу. Як эксперт у энеаграме Сяргей залічвае сам сябе да сёмага энеатыпу: энтузіяст, аніматар, эпікурэец. Да характараў з галаўным ментальным цэнтрам. Экстраверт з вельмі развітай крэатыўнасцю і інтэлектуальнай прадуктыўнасцю. Чалавек, які лёгка вучыцца і дзеліцца інфармацыяй з іншымі, у чым мы пераканаліся падчас размовы.
Ён доўга і падрабязна распавядае, як прадстаўнікі розных тыпаў прыстасоўваюцца да турэмнай рэальнасці. Як рэпрэзентанты трэцяга тыпу («якія ўмеюць хутка «пераабувацца») становяцца «казламі» і працуюць на адміністрацыю. Наколькі «патрэбныя ментам» адзінкі-перфекцыяністы — заўзятары парадку. Як незаўважныя ў атрадзе былі асобы 4 ці 5 энеатыпаў. І як прадстаўнікі восьмага тыпу — «босы» ці «канфрантатары» — рабіліся на зоне «кешаршчыкамі» ці «заўхозамі».
«Наагул, энеаграма — гэта тыпалогія аб глыбіннай матывацыі. Мы бачым, што, напрыклад, людзі робяць адно і тое ж і займаюць аднолькавыя пасады, але — з розных прычынаў і матывацыяў. Прыкладам, прадстаўнікі майго тыпу з задавальненнем займаюць пасаду, дзе будзе цікава і ўсё новае. Навізна і цікавасць. Калі ёсць такая — ён яе зойме», — падагульняе Сяргей Іванцоў.
«Вось ты і заняў такую — стаў эмігрантам. Тут спрэс — новае і цікавае», — жартуем.
«О, гэта праўда. І гэта наступны этап квэсту. Турэмны этап пройдзены, пачынаецца эмігранцкі. Жыццё — гульня! Але я сёмы тып і падтып даследчыка. І я прыступіў ужо да даследавання культурнага коду палякаў. Першае адкрыццё такое: той, хто эміграваў сюды некалькі гадоў таму — ужо ўшыты ў польскую матрыцу. Падчас размовы з імі я сутыкаюся з тымі ж непаразуменнямі, якія здараюцца ў камунікацыі з палякамі. Калі гутару з нашай дзяўчынай, якая тут тры гады пражыла, — амаль тое самае, што з полькай. Але калі сустракаюся з беларусам, які ў Польшчы толькі пару месяцаў, адчуваю, што мы на адным вайбе», — заўважае Сяргей.
«Адным бабруйскім зефірам выкармленыя. Тут такога няма», — зноў адказваем жартам.
«Спадабаўся табе турэмны зефір?» — пытаецца былы палітвязень на развітанне. «Востры!» — адказваем.