У Маладзечне адкрываюць завод, дзе будуць выпускаць прадукт, пра які вы не чулі
Больш за паўгода вытворчасць працуе ў эксперыментальным рэжыме. Хутка ж плошчы сур’ёзна павялічацца.
У Маладзечне рыхтуюцца да запуску незвычайнай вытворчасці — упершыню тут асвоілі выпуск аквафабы. Гэта інавацыйны парашок з нута — раслінная альтэрнатыва яйкам, з якога можна прыгатаваць зефір, безэ, маянэз, распавядае СТБ.
Эксперыментальны цэх працуе паўгода. Тут таксама вырабляюць шырокі асартымент кансерваў: ад бабовых у таматным соусе да струковай фасолі і намазак. Пакуль аб'ёмы вытворчасці складаюць каля 20 тысяч адзінак за месяц. Прадукцыя прадаецца як у Беларусі, так у Расіі і Казахстане.
Зусім хутка прадпрыемства пашырыць плошчу і адкрые асноўны вытворчы цэх.
— Было закуплена самае перадавое абсталяванне, якое дасць магчымасць нам выпускаць выдатную прадукцыю для жыхароў нашай краіны, а таксама блізкага замежжа. Пры запуску другой чаргі аб'ёмы прадукцыі павялічацца ў 20 разоў і будуць створаны 53 новыя рабочыя месцы. Планаў яшчэ дастаткова шмат, на дасягнутым не спыняемся. І думаю, што зможам яшчэ здзівіць бліжэй да канца года, — абяцае Віталь Кулік, намеснік дырэктара па развіцці прадпрыемства па перапрацоўцы бабовых культур.