БЕЛ Ł РУС

У Мінску пастрожылі патрабаванні да гандляроў кветкамі

23.02.2026 / 21:34

Nashaniva.com

Сталічныя ўлады папярэдзілі, у якіх выпадках могуць ануляваць дазвол на гандаль кветкамі. Пра гэта паведаміла кіраўніца ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама на аператыўнай нарадзе, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны».

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

Асноўная прычына — невыкананне патрабаванняў па ўпарадкаванні гандлёвага месца. Падчас продажу кветак утвараецца смецце — абрэзкі сцёблаў, лісце, пялёсткі. Прадаўцы абавязаныя штодзённа прыбіраць сваё працоўнае месца.

Калі гэта патрабаванне будзе праігнаравана, дазвол, выдадзены раённай адміністрацыяй, могуць скасаваць. Улады падкрэсліваюць, што чысціня ў горадзе залежыць ад саміх гандляроў і жыхароў.

Такія меры ўведзеныя з-за таго, што ў папярэднія гады не ўсе прадаўцы належным чынам падтрымлівалі парадак пасля заканчэння гандлю.

Асобна нагадалі пра барацьбу з нелегальным продажам кветак. Плануецца праводзіць сумесныя рэйды з удзелам міліцыі, прадстаўнікоў раённых адміністрацый і падатковых органаў. За гандаль без дазволу прадугледжаны штраф да 50 базавых велічынь.

Таксама жыхароў папярэдзілі пра актывізацыю перад святамі махляроў. Набываць кветкі рэкамендуюць у афіцыйных крамах або на правераных інтэрнэт-пляцоўках, дзе павінна быць пазначаная інфармацыя пра прадаўца і выдавацца чэк. Інакш ёсць рызыка застацца і без грошай, і без тавару.

Чытайце таксама:

Да 8 Сакавіка ў Мінску будуць працаваць 182 пляцоўкі па продажы кветак

На Камароўцы з’явіліся папугайныя беларускія цюльпаны ФОТАФАКТ

Першы аўтамат па продажы кветак паставілі ў Мінску

На мінскай Камароўцы сталі прадаваць першыя беларускія цюльпаны ФОТАФАКТ

Каментары да артыкула