Наш выхад з Данбаса не спыніць Пуціна: Зяленскі назваў чаканні ЗША недальнабачнымі
«Нам не патрэбны перапынак. Нам патрэбны канец вайны», — сказаў прэзідэнт Украіны.
Фота Sean Gallup / Getty Images
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што лічыць «недальнабачнай» веру Злучаных Штатаў у тое, што Уладзімір Пуцін спыніць вайну, калі Украіна пагодзіцца аддаць яшчэ не акупаваныя Расеяй тэрыторыі Данбаса, заявіў ён у інтэрв'ю Financial Times, піша «Украінская праўда».
«Шчыра кажучы, я не веру, што гэта ўсё, што патрабуе Расія. Наш выхад з Данбаса — і тады вайна скончыцца. Расія ёсць Расія, і вы ведаеце, што ім нельга давяраць», — сказаў Зяленскі.
Ён раскрытыкаваў ідэю часовага перамір’я. Зеленскі падкрэсліў, што любое прыпыненне баявых дзеянняў без надзейных заходніх гарантый бяспекі Расея выкарыстае для таго, каб аднаўляць свае сілы для новага наступу.
Зяленскі адкінуў абвінавачанні Пуціна ў тым, што перапынак быццам бы патрэбны Украіне для перагрупоўкі, назваўшы гэта «дэмагогіяй і хлуснёй».
«Нам не патрэбны перапынак. Нам патрэбны канец вайны», — падкрэсліў прэзідэнт. Зеленскі таксама адзначыў, што цяперашні ціск прэзідэнта ЗША Дональда Трампа на Украіну наконт тэрытарыяльных паступак значна мацнейшы, чым ціск на Расію.
Зяленскі заклікаў ЗША ўдарыць па «кашальку» Крамля, а не прымушаць Украіну да капітуляцыі.
«Расіянам даражэй абыходзіцца спыненне іхняга ценявога флота, іх кампаній і магчымасцей гандляваць і экспартаваць энергарэсурсы, а таксама перакрыццё схем абыходу санкцый», — заявіў Зяленскі.
У той жа час прэзідэнт падкрэсліў, што ён перш за ўсё разлічвае на ўкраінскую армію і ўласную вытворчасць зброі.