У Францыі да гатычнага сабора ХII стагоддзя зрабілі бетонную прыбудову. Рэакцыя неадназначная
У лютым 2026 года ў французскім Анжэ пасля шматгадовых прац была адкрыта для агляду новая галерэя кафедральнага сабора Сен-Марыс. Гэтая сучасная прыбудова, спраектаваная знакамітым японскім архітэктарам Кэнга Кумам з мэтай выратаваць унікальныя сярэднявечныя паліхромныя скульптуры, выклікала неадназначную рэакцыю грамадства: адны называюць яе шэдэўрам, іншыя — агіднай бародаўкай.
Новы нартэкс перад фасадам сабора Сен-Марыс у Анжэ. Фота: Maville
Гісторыя гэтай прыбудовы пачалася з нечаканага адкрыцця. У 2009 годзе падчас планавай ачысткі галоўнага заходняга партала сабора Сен-Марыс, які датуецца 1150‑мі гадамі, рэстаўратары выявілі нешта ўнікальнае: пад пластамі бруду хаваліся шматлікія сляды арыгінальнай паліхроміі, каляровай размалёўкі XIII і XVII стагоддзяў.
Каб зразумець каштоўнасць знаходкі, трэба ведаць, што ў Сярэднявеччы статуі на саборах не былі шэрымі або белымі — іх шчодра распісвалі фарбамі. Аднак да нашых дзён гэтыя фарбы практычна нідзе не захаваліся з-за ўздзеяння дажджоў, ветру і сонца.
Заходні фасад сабора Сен-Марыс у Анжэ да рэканструкцыі. Фота: Wikimedia Commons
У Анжэ скульптуры Хрыста, апосталаў і мясцовых святых захавалі свой колер толькі дзякуючы таму, што некалі іх абараняў масіўны гатычны нартэкс (прытвор). На жаль, у 1806 годзе гэты прытвор быў знішчаны з-за старасці, — тады яшчэ пра ахову спадчыну мала задумваліся, — пакінуўшы каштоўны партал сам-насам са стыхіямі на два стагоддзі.
Паліхромны гатычны партал сабора Сен-Марыс у Анжэ да расчысткі. Фота: Wikimedia Commons
Скульптуры святых, якія ўпрыгожваюць партал сабора Сен-Марыс у Анжэ. Фота: Wikimedia Commons
Скульптура Хрыста на партала сабора Сен-Марыс у Анжэ. Фота: Wikimedia Commons
Бетонны прытвор
Перад дзяржавай паўстаў выбар: пакінуць усё як ёсць і дазволіць дажджу канчаткова змыць сляды гісторыі або пабудаваць новы нартэкс. У 2020 годзе быў абвешчаны міжнародны конкурс на стварэнне сучаснай галерэі, які і выйграў Кэнга Кума.
Праект Кэнга Кумы — гэта лаканічная, але масіўная канструкцыя з пяці арак. Асноўныя матэрыялы — мясцовы туф (традыцыйны для даліны Луары камень) і сучасны фібрабетон.
Візуалізацыя праекта новага нартэкса для гатычнага сабора. Фота: бюро Кэнга Кумы
Візуалізацыя праекта новага нартэкса для гатычнага сабора. Фота: бюро Кэнга Кумы
Візуалізацыя праекта новага нартэкса для гатычнага сабора. Фота: бюро Кэнга Кумы
Візуалізацыя праекта новага нартэкса для гатычнага сабора. Фота: бюро Кэнга Кумы
Рэалізацыя праекта сутыкнулася з сур'ёзнымі цяжкасцямі і затрымкамі. Першапачаткова адкрыццё планавалася на канец 2025 года, аднак падчас раскопак перад саборам археолагі знайшлі старажытныя пахаванні. Каб не пашкодзіць магілы, інжынерам давялося тэрмінова мяняць праект падмурка.
Для падтрымання цяжкай бетоннай канструкцыі спатрэбілася ювелірна ўсталяваць восем мікрапаляў. У выніку толькі будаўнічыя работы каштавалі дзяржаве 5,5 мільёна еўра, а агульны бюджэт праекта (разам з даследаваннямі) дасягнуў 7,7 мільёна.
«Агідна» ці «паветрана»? Што кажуць людзі
У пачатку лютага 2026 года з галерэі нарэшце знялі рыштаванні, і гараджане змаглі ўбачыць вынік. Рэакцыя аказалася палярнай.
У сацыяльных сетках дыяцэзіі і мясцовых СМІ выбухнулі спрэчкі. Некаторыя каментатары не саромеліся ў выразах, называючы прыбудову пачварнай, недарэчнай і жудаснай. Шмат каго абурыла само выкарыстанне бетону і строгіх сучасных формаў на фоне гатычнай раскошы сабора.
Сабор Сен-Марыс у Анжэ з новым нартэксам. Фота: сайт Анжэрскай дыяцэзіі
Сабор Сен-Марыс у Анжэ з новым нартэксам. Фота: сайт Анжэрскай дыяцэзіі
Аднак тыя, хто бачыў галерэю ўжывую, часта змяняюць сваё меркаванне. Жыхары Анжэ адзначаюць, што канструкцыя, нягледзячы на матэрыялы, выглядае даволі лёгкай і не перацягвае на сябе ўвагу з галоўнага фасада.
Цалкам задаволены вынікам і настаяцель сабора, айцец Эмерык дэ Буар:
«Я лічу, што гэта вельмі ўдалы праект, таму што ён не дамінуе, не канкуруе з фасадам сабора. Галерэя вельмі гарманічна ўпісваецца ў агульны ансамбль… Гэта дае адчуванне чагосьці вельмі паветранага, вельмі лёгкага».
Сабор Сен-Марыс у Анжэ з новым нартэксам. Фота: сайт Анжэрскай дыяцэзіі
Нягледзячы на тое, што каркас ужо гатовы, працы яшчэ не скончаны. Да вясны будаўнікам трэба выкласці падлогу ўнутры галерэі, усталяваць спецыяльнае асвятленне і зманціраваць металічныя краты, вырабленыя мясцовымі кавалямі.
Галоўная інтрыга — калі нарэшце знімуць ахоўныя плёнкі з самога сярэднявечнага партала, які хаваўся ад вачэй публікі доўгія гады падчас рэстаўрацыі. Урачыстае адкрыццё ўсяго комплексу і прэзентацыя ўратаваных каляровых скульптур прызначана на 9 красавіка 2026 года.