БЕЛ Ł РУС

Беларуска набыла стогадовую хату пад Брэстам — і цяпер хаваецца ад мышэй

27.02.2026 / 08:00

Міра Нікановіч

Вольга Палуян вырашыла аднавіць стогадовую хату, што знаходзіцца на хутары пад Брэстам. Пра свае прыгоды жанчына расказвае ў тыктоку.

Скрыны: pani.olka / TikTok

Хата, якую выбрала Вольга, знаходзіцца за 18 км ад Брэста. Жанчына апісвае ў сваіх відэа стан хаты словамі «пад знос». Разам з хатай ёй дастаўся і ладны кавал зямлі — 25 сотак ва ўласнасці і яшчэ 25 сотак у арэнду.

Вольга расказвае, як у яе жыцці з’явіўся гэты хутар:

«Мы з мамай захацелі сабе хатку ў вёсцы. Нам спатрэбілася пяць хвілін, каб натхніцца і палезці ў базы. Мы шукалі пустую хату ў дзяржавы за 42 рублі, але знайшлі хутар за 25 тысяч.

Скрын: pani.olka / TikTok

У нейкі момант BMW з чорнымі ноздрамі і млявым позіркам сышоў у мінулае. Цяпер у сям’і ёсць вялізны ўчастак, які не касілі гадоў пяць, і хата, у якую страшна заходзіць нават удзень! Але жыць цяпер дакладна цікавей».

Машына, якую прадала Вольга, — салідны BMW X1 2021 года. Жанчына атрымала яго ў падарунак ад мужа. Яна не расказвае ў відэа дакладна, чаму прадала машыну, але, мяркуючы па кантэксце, грошы за машыну пайшлі на куплю дома ці яго аднаўленне.

Акрамя старой хаты, на пляцы ёсць два цагляныя будынкі 1990— 2000‑х гадоў пабудовы. Ёсць і іншыя плюсы.

«У нас няма абавязкаў правесці рэканструкцыю за год. І самае галоўнае, мы шукалі месца без суседзяў за плотам. Па перыметры дарослыя дрэвы — алешына і бяроза», — кажа новая гаспадыня хаты.

Скрын: pani.olka / TikTok

Да таго, як увязацца ў аднаўленне старога дома, Вольга аб’ехала ўсю Еўропу, нарадзіла трох дзяцей і стварыла тры бізнэсы, а таксама крута змяняла кар’еру — ад архітэктаркі ў кандытаркі.

Вольга не жартуе, калі кажа, што ў яе новы дом бывае страшна заходзіць. У адным са сваіх ролікаў яна расказвае гісторыю не для слабанервовых:

«Мы знайшлі ў нашай стогадовай хаце на хутары два скляпы і адзін паддашак, цалкам загачаны старымі рэчамі. Мяне распірала цікаўнасць, што там. Пра склеп я пакуль нават не думала, а з паддашкам справа правалілася, бо ўсё дзяцінства я пражыла ў падобнай хаце, і з тых гадоў засталася жудасная фобія. 

Я баюся мышэй. Калі я залезла на паддашак і паглядзела зверху ўніз пад лесвіцу, там стаяла вялікае глыбокае белае вядро, а туды, відаць, нейкі час падалі мышы і не змаглі вылезці. Увесь шлях назад мяне жудасна муціла, і я не ведаю, як перадужаць гэты страх і працягнуць распачатую справу».

Скрын: pani.olka / TikTok

З камунікацыямі ў той хаце таксама не ўсё проста. Паводле слоў Вольгі, святло ў хаце ёсць, дарогі да яе чысцяць — ужо няблага. Але пры гэтым вада на дзялянцы толькі са свідравіны, газу таксама няма. Вольга плануе рабіць яшчэ адну свідравіну і правесці ў хату каналізацыю.

Беларуска папярэджвае чытачоў, да чаго трэба быць гатовым, калі купляеш стогадовую хатку ў вёсцы:

«Будзьце гатовыя прапрацаваць тут усе свае дзіцячыя страхі — мышы, цемра, скляпы, паддашкі. Другое — падрыхтуйце багата пальчатак і масак: пыл, павуцінне, старая ізаляцыя, мышыныя хады.

Старая хата — гэта не вінтаж, гэта тое, да чаго нельга дакранацца голымі рукамі. Часам ён выцягвае з вас тое, што вы хавалі з самага дзяцінства».

Цяпер жанчына плануе аднаўляць хату. Сярод планаў — зняць блакітныя фарбаваныя дошкі, якія цяпер пакрываюць фасад хаты, і вярнуць яе стары выгляд.

Але перш за ўсё трэба вывезці з хаты ўсё непатрэбнае. Нядаўна, прыбіраючыся там, Вольга знайшла там старыя лісты. Што рабіць у такім выпадку? Жанчына вырашыла іх спаліць — яна прызнаецца, што было балюча:

«Усе кажуць — ды што там, смецце, выкіньце. Ніхто не кажа, што ты будзеш трымаць у руках дзіцячыя сшыткі з акуратным почыркам, сукенку, якую нехта захоўваў на выхад, вязаныя каптуркі і шпаргалкі з тэкстамі пра марксізм. І кожная рэч глядзіць на цябе як малы чалавек.

Я думала, трэба будзе вывезці смецце. Аказалася — спаліць сваімі рукамі чыюсьці гісторыю».

Чытайце таксама:

«Хачу быць такой жа ў старасці!» 87‑гадовая пенсіянерка скарыла сацсеткі сваёй формай

«Калі даведаліся, што да чаго, былі ў шоку». Мінская рыэлтарка цудам выратавала дзяўчыну ад страты кватэры

Антарктыда мае «гравітацыйную дзірку». Што гэта такое і ці нясе пагрозу планеце?

Каментары да артыкула