БЕЛ Ł РУС

«Рыцар Сямі Каралеўстваў» атрымаўся настолькі цудоўны, што разгарэлася сапраўдная вайна з фанатамі «Ва ўсе цяжкія»

15.03.2026 / 08:00

Nashaniva.com

Пасля эпічных бітваў, спаленых гарадоў і складаных сямейных драм «Гульні тронаў» і «Дома Цмока» HBO прапанаваў нам радыкальна знізіць планку. І, як аказалася, гэта было самым правільным рашэннем. «Рыцар Сямі Каралеўстваў» паказаў, што для сапраўднай драмы не патрэбны шматмільённы бюджэт і глабальныя катаклізмы. Дастаткова проста расказаць чалавечную гісторыю. Стваральнікам удалося прымусіць гледача плакаць, спачуваць і шчыра ненавідзець. Асцярожна, спойлеры!

Бой на Судзе Семярых у пятай серыі «Рыцара Сямі Каралеўстваў» пастаўлены настолькі неверагодна, што не пакідае адчуванне, што нават дыханне можа змяніць яго вынік. Кадр з серыяла

Яшчэ ў пачатку сезона было зразумела: вяртанне ў Вестэрос будзе іншым. Серыял стартаваў як дзёрзкая сатыра на ўсё тое, што мы звыклі лічыць «гульнёй тронаў». Замест цмокаў — вялізная «змяя» старога межавога рыцара Арлана з Пенітры (Дэніэл Уэб), з якой ён выходзіць да гледача, каб памачыцца. Замест рыцарскай рамантыкі — панос Дунка (Пітэр Клэфі) проста ў кадры пад гераічную музыку з «Гульні тронаў», ці вока рыцара, якое было выбіта на турніры з вачніцы і боўтаецца на адным нерве.

Але гэтыя неадназначныя фізіялагічныя выхадкі былі толькі дробнымі забаўкамі. Не маючы магчымасці прапанаваць маштабы папярэдніх праектаў франшызы, шоўранеры стварылі выдатнае шоу. Не перашкодзіў ні меншы бюджэт, ні проста смешны для нашага часу хранаметраж серый па 30‑45 хвілін.

Сіру Дункану, які марыў выйграць Эшфардскі турнір, прыйдзецца біцца на ім за сваё жыццё супраць шалёнага прынца Таргарыена і найлепшых рыцараў Сямі Каралеўстваў. Кадр з серыяла

Шоўранеры максімальна прытрымліваліся арыгінала Джорджа Марціна, адступаючы толькі ў дробных момантах або дадаючы адценні гісторыі, якія не змясціліся ў кароткі літаратурны твор. Тут няма той незразумелай адсябеціны, за якую справядліва крытыкавалі «Дом Цмока» як фанаты, так і сам Марцін, няма штучнага раздзімання сюжэта невядома дзеля чаго.

Нязвычайная пара — магутны жабрак-рыцар Дункан і маленькі збраяносец Эг, які хавае, што ён прынц каралеўскага роду. Брацкія ўзаемадносіны паміж імі падкупаюць сваёй шчырасцю. Кадр з серыяла

Турнір, які ніхто не забудзе

Як так атрымалася, што за пару кароткіх серый мы шчыра палюбілі бамбізу Дунка і лысага хлопчыка Эга (Дэкстэр Сол Ансэл)? Палюбілі шалапутнага Ліянеля Баратэона (Дэніэл Інгс) і разважлівага прынца Бэйлара Таргарыена (Берці Карвел) — ідэальнага рыцара і спадчынніка каралеўства? Як мы пачалі з падазрэннем і страхам прыглядацца да прынца Мэйкара і люта зненавідзелі ягонага сына Эйрыяна? Чаму за некалькі серый нам стала не ўсё адно?

Прынц Эйрыян паказаны апошнім мярзотнікам, але яго гонар гатовыя абараняць першыя рыцары Сямі Каралеўстваў, бо ён Таргарыен. Кадр з серыяла

Многія з герояў мелі не так шмат экраннага часу, але рэжысёры і сцэнарысты здолелі праз погляды, словы, дзеянні і мілыя бытавыя сцэны, як калі сір Дункан дзеліць з хлопчыкам свой бедны сняданак, зрабіць гледача часткай злашчаснага турніра ў Эшфардзе.

Здавалася б, звычайны турнір. Але вось шалёны і высакамерны Эйрыян нападае на цацачніцу Тансель, якая пасмела паказаць у сваім прадстаўленні гібель цмока. Для прынца гэта абраза дому Таргарыенаў, бо цмок — іх родавы сімвал, і менавіта пагібель гэтых істот паставіла кіруючую дынастыю ва ўразлівае становішча.

Смерць цмока, паказаная ў вандроўным тэатры, становіцца прычынай трагічнага развіцця падзей на Эшфардскім турніры. Кадр з серыяла

Калі ён ламае дзяўчыне пальцы, Дунк не вытрымлівае: накідваецца і размятае ўсіх на сваім шляху. І ў гэты момант глядач цудоўна разумее, што за гэта будзе. За ўдары рукой і нагой па каралеўскай крыві Дунку абяцаюць пазбавіць яго канечнасцяў. А за расхістаны зуб прынца межавога рыцара ставяць зубамі на драўляны памост. Любы, хто бачыў, як тое ж самае рабіў неанацыст у фільме «Амерыканская гісторыя Х», адчувае халадок па спіне і з атарапеласцю чакае непазбежнага.

Трагічнае развіццё падзей вымушае Эга раскрыць сваю асобу, каб паспрабаваць выратаваць свайго рыцара сіра Дункана ад смерці. Кадр з серыяла

У адно імгненне кароткая серыя становіцца напятай як цеціва. Музыка толькі ўзмацняе эфект. Быццам бы нічога такога, але гэта працуе — шоўранеры адпускаюць цеціву і страла трапляе дакладна ў цэль! 

Толькі выкрыццё Эгам свайго сапраўднага паходжання — таго, што ён прынц Эйган Таргарыен, сын Мэйкара, — вырашае лёс Дункана. Але той быццам і не рады ратунку, бо Эг увесь гэты час падманваў яго.

Не ўсё то золата, што блішчыць. Гісторыя «Рыцара Сямі Каралеўстваў» яшчэ раз даказвае, што годнасць чалавека паказваюць яго ўчынкі, а не тытулы, старшынство ці ўзрост. У маладым Раймуне Фасавеі больш доблесці, чым у яго знакамітым кузэне-рыцары Стэфане Фасавеі, які здраджвае, каб дагадзіць каралеўскай сям'і. Кадр з серыяла

Сір Ліянель Баратэон пасвячае ў рыцары Раймуна Фасавея, калі яго кузэн Стэфан у апошні момант здрадзіў абяцанню заняць бок сіра Дункана. Сцэна пастаўлена вельмі кінематаграфічна. Кадр з серыяла

Аўтары серыяла па-майстэрску ствараюць патрэбную атмасферу, спрытна выкручваюць на максімум узровень драматызму ў вельмі дакладныя моманты, калі гэта сапраўды важна, і не скочваюцца ў крыўлянні правінцыйнага тэатра. 

Гэты кароткі серыял напоўнены жывымі персанажамі, кожны з якіх не проста статыст, кожны, ад прастытуткі да прынца, мае сваю матывацыю. Магчыма, без літаратурнай першаасновы старога Марціна гэта не атрымалася б, але і без таленту шоўранераў не было б такога цудоўнага выніку. 

Трагедыя Таргарыенаў

Кульмінацыяй становіцца Суд Семярых, які займае амаль увесь пяты эпізод. Гэта крывавае, шалёнае шоу, якое глядзіцца на адным дыханні, калі ты літаральна баішся ўздыхнуць, каб сваім выдыхам не змяніць вынік на карысць садыста Эйрыяна.

Браты Мэйкар і Бэйлар Таргарыены сходзяцца ў баі адзін супраць аднаго, адзін — за свайго неразумнага сына, другі — за справядлівасць. Кадр з серыяла

Дунку было надзвычай цяжка знайсці тых, хто адважыцца выступіць на яго баку супраць прынцаў Таргарыенаў. Але суд раптам ператвараецца ў антычную трагедыю братазабойства. На бок Дункана становіцца сам спадчыннік трона — годны і разважлівы Бэйлар, надзеўшы даспехі ўласнага сына.

Пятая серыя «Рыцара Сямі Каралеўстваў» была ацэнена большасцю гледачаў максімальным балам на інтэрнэт-платформах. Відовішча сапраўды настолькі ж непаўторнае, як і жорсткае. Кадр з серыяла

А ягоны брат Мэйкар (Сэм Спруэл) займае бок свайго сына Эйрыяна, якім ён, відавочна, пагарджае за жорсткасць, але ўсё роўна любіць як бацька.

Менавіта Мэйкар нясецца на дапамогу, калі Дунк пачынае перамагаць Эйрыяна, з адчайным крыкам: «Мой хлопчык, мой хлопчык!». Гэты крык раздзірае душу, бо ты ўжо не разумеш, каму спачуваць: бацьку, які можа страціць сына праз яго ж пыху і неразумнасць, ці Дунку, які праз гэтага мярзотніка можа страціць уласнае жыццё.

Сямёра не даруюць падман нават найлепшым з людзей, якім быў прынц Бэйлар. Кадр з серыяла

У запале бою Мэйкар наносіць удар булавой па шлеме свайго брата Бэйлара. І ён становіцца смяротным. Калі пасля паядынку прынцу здымаюць шлем, выяўляецца, што ўдар брата раскрышыў яму чэрап.

Мэйкар апынуўся паміж двух агнёў. І калі спачатку ты глядзіш на яго як на чарговага высакамернага Таргарыена, то ў канцы фізічна адчуваеш яго трагедыю: біцца з любімым братам, каб абараніць нікчэмнага сына, страціць брата (і найлепшага будучага караля) і застацца назаўсёды ў людской погаласцы яго забойцам.

Пры гэтым Мэйкар губляе і ўласных сыноў. Адзін, Эйрыян, відавочна неадэкватны і не павінен успадкаваць каралеўства — яго адпраўляюць у выгнанне ў Вольныя гарады. Другі, Дэйран, — п'яніца, якому нічога не трэба. А адзіная надзея сям'і, малы Эг, у канцы збягае з межавым рыцарам.

Як шоўранеры змаглі так хутка прывязаць нас да гэтых персанажаў, раскрыць іх сутнасць і прымусіць спачуваць, радавацца і плакаць разам з імі?

Гэта сапраўдная магія, якой не мог пахваліцца «Дом Цмока». Там таксама было шмат цікавых персанажаў і трагічных смерцяў галоўных герояў, але мала што з гэтага кранала душу гэтаксама. «Рыцар Сямі Каралеўстваў» вярнуў нам эмоцыі суперажывання.

Войны рэйтынгаў

Гэты поспех меў нечаканыя наступствы ў рэальным свеце. Пятая серыя («Імем Маці») атрымала настолькі высокія ацэнкі ад уражаных гледачоў на IMDb (10 балаў з 10), што пагражала скінуць з п'едэстала знакамітую «Азімандыю» — 14‑ы эпізод 5‑га сезона серыяла «Ва ўсе цяжкія», які ўтрымліваў абсалютны рэкорд больш за 12 гадоў.

З-за вайны фанатаў за першае месца ў рэйтынгу найлепшых серыяльных выпускаў у гісторыі пацярпелі абодва серыялы, страціўшы свае «ідэальныя» 10/10 зорак на сайце IMDb. Скрыншот сайта

Гэта справакавала сапраўдную інтэрнэт-вайну (review-bombing). Фанаты серыяла Хайзенберга пачалі масава ставіць адзінкі «Рыцару», суправаджаючы гэта каментарыямі ў стылі «За Хайзенберга!». А прыхільнікі Вестэроса («За Дунка і Эга!») у адказ абрынулі рэйтынг недатыкальнай дагэтуль «Азімандыі» да 9,9.

У выніку абодва эпізоды крыху пацярпелі ад гэтай бессэнсоўнай фанацкай бойкі, але сам факт паказальны. Тое, што сціплы спін-оф пра нязграбнага рыцара і яго лысага збраяносца здолеў кінуць выклік аднаму з галоўных серыяльных шэдэўраў усіх часоў, сведчыць пра многае. І гэтыя найвышэйшыя ацэнкі — абсалютна заслужаныя.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула