Удар па хімзаводзе ў Смаленскай вобласці — колькасць ахвяр вырасла да сямі
Колькасць загінулых у выніку маштабнай атакі беспілотнікаў на хімічны завод «Дарагабуж» павялічылася да сямі чалавек. Яшчэ як мінімум дзесяць атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці. Гэтыя звесткі паведаміў Следчы камітэт РФ.
Атака адбылася ў ноч на сераду. Паводле даных СК РФ, у атацы ўдзельнічалі не менш за 30 беспілотнікаў. Частка дронаў была збітая сіламі СПА, аднак астатнія змаглі дасягнуць тэрыторыі прадпрыемства.
«З прычыны дэтанацыі выбуховых прылад пацярпелі грамадзянскія асобы, з якіх загінулі 7 чалавек, не менш за 10 атрымалі раненні. Пашкоджаныя элементы інфраструктуры завода, будынак пажарнай часткі, спецыяльны аўтамабіль для тушэння пажараў, чым уласнікам прычыненая значная маёмасная шкода», — распавялі ва ўстанове.
СК РФ распачаў справу па артыкуле «Тэракт».
Губернатар Смаленскай вобласці Васіль Анохін увёў абмежаванні ў горадзе: школы пераведзены на дыстанцыйнае навучанне, заняткі ў дзіцячых садках адменены.
Пакуль няма дакладных даных наконт забруджвання паветра — завод спецыялізуецца на вытворчасці небяспечных рэчываў: аміяку, аміячнай салетры і азотнай кіслаты.
Хімзавод «Дарагабуж» у Смаленскай вобласці — аб'ект падвойнага прызначэння. Ён вырабляе азотныя ўгнаенні, але адначасова яго аміяк і аміячная салетра — сыравіна для выбухоўкі.