БЕЛ Ł РУС

У Польшчы завялі крыміналку за выкарыстанне пашпарта Новай Беларусі? Не. Вось што вядома на гэты момант

25.02.2026 / 15:49

Nashaniva.com

Беларусу выдалі новы дазвол на жыхарства, але цяпер адклікаюць яго для разбіральніцтва.

Ініцыятыва «Партызанка» заявіла, што беларуса могуць пазбавіць міжнароднай абароны за выкарыстанне пашпарта Новай Беларусі. І што, маўляў, яму можа пагражаць нават крымінальны пераслед. Навіну з радасцю падхапілі беларускія дзяржаўныя прапагандысты, але ў гісторыі пакуль вельмі мала канкрэтыкі.

Што вядома на гэты момант — з каментароў «Партызанкі» і выступлення яе заснавальніцы Ганны Маціеўскай на «Еўрарадыё».

Беларус рабіў у Польшчы чарговую замену дазволу на жыхарства. Паколькі ў яго скончыўся тэрмін дзеяння пашпарту, ён вырашыў дадаць да пакету дакументаў, якія ён прадастаўляў, яшчэ і пашпарт Новай Беларусі. У яго прынялі дакументы і — больш за тое — нават выдалі яму новы дазвол на жыхарства.

Аднак праз некаторы час ён атрымаў апавяшчэнне аб тым, што ў яго дачыненні распачалі працэдуру аб пазбаўленні міжнароднай абароны ў Польшчы. Ганна Маціеўская мяркуе, што польскія чыноўнікі палічылі атрыманне пашпарта магчымым узаемадзеяннем з беларускімі дзяржаўнымі органамі (бо не разабраліся, што гэта сувенірны дакумент) — якое забаронена ў сітуацыі, калі чалавек просіць міжнародную абарону.

«На гэты момант чалавек даў пісьмовыя тлумачэнні па сітуацыі. Найхутчэй, працэдура пазбаўлення міжнароднай абароны будзе спыненая», — падсумоўвае «Партызанка».

Размова пра магчымы крымінальны пераслед беларуса — адвольная інтэрпрэтацыя юрыстаў. На гэты момант нічога пра завядзенне крымінальнай справы невядома.

Пашпарт Новай Беларусі, безумоўна, не з'яўляецца афіцыйным дакументам, які замяняе пашпарт, і не можа выкарыстоўвацца для ідэнтыфікацыі асобы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула