БЕЛ Ł РУС

У Беларусі стартавалі продажы новай мадэлі Lada. Што па цэнах і колькі каштуе яе еўрапейскі аналаг?

25.02.2026 / 19:29

Nashaniva.com

Яе галоўны канкурэнт — беларуска-кітайскі седан Belgee S50.

Скрыншот: lada.by

У Беларусі афіцыйна стартавалі продажы новай Lada Iskra. Гэта мадэль займае прамежкавае звяно паміж самай таннай Granta і больш дарагой Vesta.

Расійская машына з французскімі каранямі

Новая мадэль «Лады» пабудаваная на платформе Renault-Nissan CMF-B, якая дасталася АўтаВАЗу ў спадчыну ад супрацоўніцтва з Renault. То-бок аўтамабіль створаны на базе Dacia (Renault) Logan 3.

Але праз сыход еўрапейскіх аўтавытворцаў з Расіі ў адказ на агрэсію супраць Украіны, АўтаВАЗу давялося адкласці выпуск навінкі. У выніку замест максімальна ўніфікаванай мадэлі з французскай Dacia, расіяне шмат што перараблялі і замянялі дэталямі расійскай і кітайскай вытворчасці.

Заяўляецца, што было ўкаранёна больш за 1000 новых кампанентаў, а каля 400 дэталяў перапрацавана.

Фота: onliner.by

У выніку Iskra выпускаюць з двума тыпамі бензінавых рухавікоў аб'ёмам 1,6 літра — васьміклапанны на 90 к.с. і 16‑клапанны на 106 к.с. Расійская 5‑ступенчатая каробка перадач ідзе толькі ў пары з базавым 8‑клапанным рухавіком. Шасціступка і аўтамат (варыятар) у гэтай «Лады» — кітайскія.

Фота: onliner.by

Што па цэнах?

Седан у камплектацыі Life прадаецца па цане ад 42 900 рублёў (каля 12 800 еўра). Універсалы — ад 51 400 рублёў (каля 15 300 еўра).

Версія SW Cross каштуе ад 56 900, што каля 17 тысяч еўра.

Lada Iskra SW cross. Скрыншот: lada.by

Адметна, што еўрапейскі аналаг «Іскры», які падзяляе з ёй адну і тую ж платформу, каштуе крыху даражэй.

Так, напрыклад, у Літве цэны Dacia Sandero пачынаюцца з 15 тысяч еўра.

Скрыншот: dacia.lt

Праўда, камплектацыя ў Dacia Sandero будзе крыху лепшая, бо праз разрыў сувязяў з Renault Lada Iskra пазбавілася часткі тэхналогій, накіраваных на павышэнне ўзроўню бяспекі.

У Беларусі ж галоўным канкурэнтам новай мадэлі ад АўтаВАЗ называюць беларуска-кітайскі седан Belgee S50, які хоць і каштуе крыху даражэй за Iskra, але выйграе па шэрагу параметраў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула