«Белсат»: У Мінску звольнілі дырэктара НВЦ беспілотных сістэм
Паводле крыніц тэлеканала «Белсат», у Мінску звольнілі дырэктара Навукова-вытворчага цэнтра беспілотных сістэм Юрыя Яцыну. На самім прадпрыемстве гэтую інфармацыю не пацвердзілі, але і звязаць з дырэктарам адмовіліся.
Юрый Яцына. Фота: Вячаслаў Цуранаў / mlyn.by
Сцвярджаецца, што рашэнне аб звальненні магло быць прынята кіраўніцтвам Нацыянальнай акадэміі навук. Адбылося гэта падчас справаздачы кіраўніка цэнтра, пасля якой яму нібыта паведамілі пра адсутнасць патрэбы ў ягоных паслугах. Пры гэтым Яцыну дазволілі працаваць да канца лютага.
Суразмоўцы «Белсата» сцвярджаюць, што да кіраўніцтва цэнтра раней узнікалі сур’ёзныя прэтэнзіі, у тым ліку наконт справаздачнасці, дакументаў і кіравання калектывам. Паводле іх, гэта магло прывесці да фінансавых цяжкасцяў на прадпрыемстве.
Падчас спробы высветліць сітуацыю журналістам тэлеканала звязацца з Яцынам па тэлефоне не ўдалося — ягоны працоўны нумар не адказваў. Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Аляксандр Шчаўлёў, да якога дазваніцца ўдалося, заявіў, што кіраўнік нібыта знаходзіцца на пасяджэнні і бывае на працы не пастаянна. Ён таксама адзначыў, што запісацца на прыём да дырэктара складана, і ўвогуле:
«Усё адно. Заўтра дырэктар ёсць, а паслязаўтра няма. Я буду дырэктарам… Вы будзеце са мною размаўляць».
У цэлым, паводле сведчання крыніц, сітуацыя на прадпрыемстве застаецца напружанай, а пытанне кіраўніцтва і далейшага развіцця цэнтра пакуль не выглядае канчаткова вырашаным.
Навукова-вытворчы цэнтр беспілотных сістэм быў створаны ў 2016 годзе ў структуры НАН Беларусі і займаецца распрацоўкай і вытворчасцю беспілотных авіяцыйных комплексаў. Сярод яго задач — стварэнне новых узораў тэхнікі, развіццё экспарту і павышэнне абараназдольнасці краіны.
Юрый Яцына вядомы як распрацоўшчык шэрагу беларускіх беспілотнікаў. Раней паведамлялася пра мадэлі, якія выкарыстоўваліся ў войску і дэманстраваліся на міжнародных выставах. Аднак у апошнія гады, паводле розных ацэнак, узнікалі пытанні наконт серыйнай вытворчасці і канкурэнтаздольнасці беларускай тэхнікі.
Чытайце таксама:
Звольнілі дырэктара заказніка «Выганашчанскае». Яму адгукнулася сітуацыя з забойствам ваўка палкай