БЕЛ Ł РУС

Узброеная група на катары пад сцягам ЗША зладзіла перастрэлку з памежнікамі Кубы. Чацвёра загінулі

26.02.2026 / 09:06

Nashaniva.com

Інцыдэнт адбыўся раніцай 25 лютага.

Кубінскія вайскоўцы. Ілюстрацыйнае фота: Sven Creutzmann/Mambo photo/Getty Images

Група ўзброеных людзей на катары пад сцягам ЗША ўварвалася ў тэрытарыяльныя воды Кубы і адкрыла агонь па супрацоўніках кубінскай пагранічнай аховы, паведаміла МУС рэспублікі.

Інцыдэнт адбыўся раніцай 25 лютага каля канала Эль-Піна ў правінцыі Вілья-Клара, калі кубінская берагавая ахова наблізілася да катара, каб ідэнтыфікаваць пасажыраў.

У выніку сутыкнення чатыры чалавекі на амерыканскім судне былі забітыя, яшчэ шасцёра атрымалі раненні. Іх эвакуявалі і аказваюць медыцынскую дапамогу. Таксама раненні атрымаў камандзір кубінскага судна.

Пазней у МУС Кубы ўдакладнілі, што катар быў зарэгістраваны ў Фларыдзе. Увесь экіпаж судна складаўся з ураджэнцаў Кубы, якія пражываюць у ЗША. Некаторыя з іх маюць судзімасці. Кубінскія ўлады шукалі гэтых людзей за датычнасць да арганізацыі, фінансавання або здзяйснення дзеянняў тэрарыстычнага характару на тэрыторыі краіны або за яе межамі.

На гэты момант устаноўлены асобы шасці тых, хто застаўся ў жывых, і аднаго загінулага; звесткі яшчэ пра траіх удакладняюцца. На катары былі знойдзены штурмавыя вінтоўкі, кароткаствольная зброя, самаробныя выбуховыя прылады (кактэйлі Молатава), бронекамізэлькі, аптычныя прыцэлы і камуфляжная форма.

На Кубе таксама затрымалі грамадзяніна Дуніэля Эрнандэса Сантаса, якога накіравалі з ЗША, каб ён прыняў узброеную групу. Супрацоўнікі бяспекі працягваюць расследаванне.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула