БЕЛ Ł РУС

На «Белшыну» зноў наклалі санкцыі, якія знялі два гады таму

26.02.2026 / 22:45

Nashaniva.com

Бабруйскае прадпрыемства «Белшына» зноў уключылі ў санкцыйны спіс Еўрапейскага Саюза. Такое рашэнне прыняла Рада ЕС, і яно апублікавана ў афіцыйным выданні Еўрасаюза.

Фота ілюстрацыйнае

Раней прадпрыемства ўжо знаходзілася пад санкцыямі, але амаль два гады таму санкцыі супраць завода былі адмененыя.

Прадпрыемства трапіла пад абмежаванні 2 снежня 2021 года, аднак у сакавіку 2024‑га здолела паспяхова аспрэчыць гэтую пастанову ў Еўрапейскім судзе. Тады «Белшыну», як і цяпер, абвінавачвалі ў падтрымцы і фінансаванні беларускай дзяржавы. Кампанія ж даводзіла, што яшчэ да ўвядзення санкцый працавала са стратамі і не магла выплачваць дывідэнды ў бюджэт. Што стала падставай для новага рашэння, пакуль дакладна не тлумачыцца.

Акрамя «Белшыны», у санкцыйным спісе ЕС застаюцца такія буйныя беларускія прадпрыемствы, як «Беларуськалій», МЗКТ і «Гродна Азот». Паўторна туды таксама ўключылі «Белтэхэкспарт», «140‑ы рамонтны завод» і філіял «Гродна Азота» — «Завод Хімвалакно».

Акрамя таго, 26 лютага Еўрасаюз увёў санкцыі супраць 54 прадстаўнікоў беларускіх сілавых структур. Пад абмежаванні трапілі камандзіры і афіцэры розных спецпадраздзяленняў. У дакуменце адзначаецца, што санкцыі ўведзеныя ў сувязі з падтрымкай Расіі ў яе дзеяннях супраць Украіны, а таксама на падставе абвінавачанняў у парушэннях правоў чалавека.

У санкцыйны спіс таксама ўключаныя прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын, старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергеенка, міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў.

Чытайце таксама:

З «Белшыны» знялі еўрапейскія санкцыі, але яна працягвае працаваць на расійскую ваенную машыну

Шрайбман з калегамі прапанавалі пакрокавы план дээскалацыі адносін Беларусі і ЕС

«Ніхто з кіраўніцтва з ім не спрачаецца». Якія былыя сілавікі абселі кіраўнічыя пасады буйных беларускіх прадпрыемстваў

Каментары да артыкула