31‑гадовага завадчаніна і аўтамабіліста з Рэчыцы асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»
Антон Казачэнка працаваў на Рэчыцкім метызным заводзе. Нядаўна маладога мужчыну кінулі за краты і асудзілі па палітычным артыкуле.
Антон Казачэнка. Фота з ягонай старонкі Укантакце
Антону Казачэнка 31 год. Ён родам з Рэчыцы, раней працаваў на мясцовым метызным заводзе. З канца 2016 па восень 2017 года Антон меў статус індывідуальнага прадпрымальніка. Пасля ён працаваў у фірме, якая рамантавала аўтамабілі, ужо ў Мінску. Нейкі час ён паспеў працаваць і ў Расіі — у падмаскоўнай Электрасталі.
У апошнія гады Антон пачаў цікавіцца сферай IT і праходзіў анлайн-навучанне на розных курсах.
Па-за працай галоўным захапленнем Антона была тэхніка — ён аматар спартыўных матацыклаў і хуткіх аўтамабіляў, падпісаны на тэматычныя суполкі.
Нядаўна Антона асудзілі ў Гомельскім абласным судзе. Яго прызналі вінаватым паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Падобна, пераслед звязаны са справай Гаюна.
Мужчыну прысудзілі калонію або хімію з накіраваннем — анлайн ён так і не з'явіўся.