Шакалад і цукеркі могуць патаннець
Еўразійская эканамічная камісія прыняла рашэнне вызваліць Беларусь, Арменію, Расію і Кыргызстан ад выплаты мытных пошлін на ўвоз некаторых прадуктаў перапрацоўкі какава-бабоў — неабястлушчанай какава-пасты, какава-алею і какава-тлушчу.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»
Для Беларусі ўстаноўленыя бяспошлінныя квоты: 5,5 тысячы тон на адзін з відаў прадукцыі і 3,5 тысячы тон — на іншы. Ільгота будзе дзейнічаць да 30 красавіка 2027 года.
Гэтыя інгрэдыенты выкарыстоўваюцца ў вытворчасці шакаладу, шакаладных цукерак і іншых кандытарскіх вырабаў, а таксама ў фармацэўтычнай і парфумернай галінах. Чакаецца, што зніжэнне мытных выдаткаў дазволіць прадпрыемствам зменшыць кошт сыравіны і павысіць эфектыўнасць працы.
Пры гэтым падкрэсліваецца, што тавары, увезеныя з выкарыстаннем ільготы, можна будзе выкарыстоўваць толькі на тэрыторыі адпаведных краін. Рашэнне набудзе сілу праз дзесяць каляндарных дзён пасля афіцыйнага апублікавання.
Чытайце таксама:
«Камунарка» выпусціла святочныя цукеркі з шампанскім
Пальмавы алей і глазура замест шакаладу. Як расійскія цукеркі выціскаюць беларускія з паліц крам
«Паліцы пустыя». Перакупшчыкі масава вывозяць з Польшчы ў Беларусь яйкі Kinder адной серыі