Вызначаны часовы Вярхоўны лідар Ірана
Прызначана часовая ўлада Ірана, што будзе цяпер кіраваць краінай. Яе галоўная мэта — утрымаць кіраўніцтва краінай.
Прыхільнікі Хаменеі аплакваюць яго смерць пасля таго, як дзяржаўнае тэлебачанне афіцыйна абвясціла пра смерць вярхоўнага лідара Ірана. Фота: AP Photo / Vahid Salemi
Пасля гібелі аяталы Алі Хаменеі ў Іране афіцыйна вызначылі склад часовай рады, які будзе выконваць функцыі вышэйшага кіраўніцтва краіны. У гэты орган увайшлі тры ключавыя фігуры: прэзідэнт Ірана Масуд Пезэшкіян, кіраўнік судовай улады Галям Хасэйн Махсэні-Эджэі і прадстаўнік Рады вартавых канстытуцыі аятала Алірэза Арафі.
Менавіта гэтая тройка будзе адказваць за дзяржаўнае кіраванне, пакуль Рада экспертаў — спецыяльны сход з 88 аўтарытэтных багасловаў — не абярэ пастаяннага Вярхоўнага лідара.
Часовым выканаўцам абавязкаў Вярхоўнага лідара (рахбара) прызначаны аятала 66‑гадовы Алірэза Арафі.
Ён лічыцца адной з самых уплывовых постацяў у рэлігійнай іерархіі краіны, бо адначасова ўваходзіць і ў Раду вартавых канстытуцыі, якая сочыць за законамі, і ў Раду экспертаў, якая выбірае кіраўніка дзяржавы. Да таго ж Арафі меў рэпутацыю чалавека, якому аятала Хаменеі давяраў найбольш важныя дзяржаўныя справы.
Цяпер галоўная задача гэтай рады — утрымаць кантроль над краінай. Алірэза Арафі будзе ажыццяўляць агульнае кіраўніцтва рэспублікай у гэты пераходны перыяд, абапіраючыся на падтрымку прэзідэнта як кіраўніка выканаўчай улады і судовай сістэмы.