БЕЛ Ł РУС

Трамп абвясціў, што пагадзіўся на пачатак перамоваў з Іранам

1.03.2026 / 19:26

Nashaniva.com

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп зрабіў шэраг гучных заяў адносна ваеннай аперацыі ў Іране. У інтэрв'ю амерыканскім СМІ ён адначасова пахваліўся поспехамі бамбардзіровак, якія, паводле яго слоў, «ідуць з апярэджаннем графіка», і нечакана абвясціў аб сваёй згодзе пачаць прамыя перамовы з прадстаўнікамі іранскага рэжыму.

Дональд Трамп. Фота: Anna Moneymaker / Getty Images

У тэлефоннай размове з тэлеканалам CNBC Дональд Трамп выказаў поўнае задавальненне ходам ваеннай аперацыі.

«Гэта вельмі жорсткі рэжым, адзін з самых жорсткіх у гісторыі, — сказаў Трамп. — Мы выконваем сваю працу не толькі дзеля сябе, але і дзеля ўсяго свету. І ўсё ідзе з апярэджаннем графіка». Ён дадаў, што «цяпер падзеі развіваюцца вельмі пазітыўна».

Аднак літаральна адразу пасля гэтага ў размове з журналістам выдання The Atlantic Майклам Шэрэрам амерыканскі лідар абвясціў аб кардынальнай змене тактыкі.

«Яны хочуць пагаварыць, і я пагадзіўся пагаварыць, так што я буду гаварыць з імі. Ім трэба было зрабіць гэта раней. Яны занадта доўга цягнулі», — заявіў Трамп у размове са свайго клуба Мар-а-Лага.

Пры гэтым прэзідэнт ЗША даў зразумець, што ваенныя ўдары нанеслі сур'ёзную шкоду кіраўніцтву Ірана. Калі журналіст удакладніў, ці будуць у перамовах удзельнічаць тыя ж асобы, што і раней, Трамп адказаў:

«Большасці з гэтых людзей больш няма. Некаторыя з тых, з кім мы вялі справы, сышлі, таму што гэта быў вялікі — гэта быў вялікі ўдар, — сказаў ён. — Ім трэба было зрабіць гэта раней, Майкл. Яны маглі заключыць здзелку. Яны паспрабавалі згуляць занадта хітра».

На пытанне, ці працягнуцца амерыканскія бамбардзіроўкі, калі ў Іране пачнецца народнае паўстанне супраць рэжыму, Трамп не даў дакладнага адказу, захаваўшы інтрыгу.

«Мне трэба будзе глядзець на сітуацыю ў той момант, калі гэта адбудзецца, Майкл. На гэтае пытанне нельга даць адказ загадзя», — адзначыў ён.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула