«Белавія» адмяніла рэйс у Тэль-Авіў. А ў Доху адправяць пусты самалёт, які забярэ беларускіх турыстаў
Рэйс у Тэль-Авіў 5 сакавіка адменены праз закрыццё неба над Ізраілем. Авіяцыйныя ўлады краіны падоўжылі забарону на палёты над тэрыторыяй краіны да 6 сакавіка 2026 года ў сувязі з абвастрэннем сітуацыі на Блізкім Усходзе.
Самалёт авіякампаніі «Белавія»
З-за гэтага нацыянальны авіяперавозчык Беларусі вымушаны адмяніць рэгулярны рэйс В2 747/748 па маршруце Мінск — Тэль-Авіў — Мінск, які быў запланаваны на 5 сакавіка. Пра гэта паведамляе афіцыйны тэлеграм-канал «Белавія».
Пасажырам прапануюць два варыянты:
-
аформіць поўны зварот кошту білетаў па месцы іх набыцця;
-
перанесці дату вылету на больш позні тэрмін.
Што тычыцца чартарнага рэйса B29301 Мінск — Доха (Катар), запланаванага на 2 сакавіка, ён будзе выкананы без пасажыраў, па ўзгадненні з тураператарам. Зваротным рэйсам B29302 Доха — Мінск авіякампанія разам з заказчыкам маюць намер вывезці беларускіх турыстаў, якія ўжо знаходзяцца ў Досе і чакаюць магчымасці вярнуцца дадому.
Кампанія папярэджвае, што сітуацыя застаецца нестабільнай і інфармацыя, актуальная на сённяшні дзень, можа змяніцца з-за абмежаванняў на палёты на Блізкім Усходзе. Пасажыраў просяць самастойна сачыць за статусам сваіх рэйсаў на афіцыйным сайце «Белавія».