БЕЛ Ł РУС

Севярынец: Кантралёрам у ШІЗА сумна. Таму ўключаюць «дыскатэку»

2.03.2026 / 11:06

Nashaniva.com

Экс-палітвязень у сваім фэйсбуку напісаў пра музыку на радыё, якую ўключалі ў Шклоўскім ШІЗА.

«Адна з самых запамінальных рэчаў у Шклоўскім ШІЗА — «дыскатэка». Пакуль на калідоры ізалятара грае музыка — ты абавязаны стаяць на «расцяжцы» ля прымкнутай да сцяны нары. Звычайна музыку ўключаюць, калі пачынаецца праверка — а гэта значыць, стаіш з выкручанымі рукамі і расстаўленымі нагамі, пакуль дзяжурны памочнік начальніка калоніі не абыдзе ўсе 23 камеры ШІЗА і не выслухае «даклады» вязняў. Бывае паўгадзіны, бывае і гадзіну. 

А зранку ў Шклове адчыняюць фрамугі — і таму, напрыклад, зімой «дыскатэку» ты слухаеш, дрыжучы ад сцюжы ў сваёй баваўнянай «марлі», пакуль у цябе з рота валіць пара. Бо адчыняюць іншыя камеры, і ўсё ШІЗА прадзьмувае скразнякамі. І не захінешся, не згрупіруешся, каб цяплей — «расцяжка».

Кантралёрам у ШІЗА сумна. Хочацца хаця б паслухаць музыку ды пазабавіцца. Таму ўключаюць «дыскатэку» і любуюцца па камерах, як вязні кідаюцца да нараў і раскірэчваюцца.

Добрая змена праз хвілін 20 гукне з калідора — «А-адбой расцяжка!» А кепская — так і пакіне, гадзінкі на паўтары. «Інцярэсна жэ, пусць эці паліцічэскіе научацца родзіну любіць».

Калі ўключалі «Душэўнае радыё», яшчэ туды-сюды. Там, бывае, і «Песняры» праскочаць, і Цой, і нават «Вецер пераменаў» «Скорпіёнс!». А вось калі «Пілот», «Народнае» альбо мясцовае — хоць вешайся.

Так і згадваеш чорны гумар: «Сёння ў нас у лагеры — дыскатэка! Кулямётчык Ганс пракруціць тры кулямётныя дыскі».

Дарэчы, на фота ў хлопца два ручнікі. Па-багатаму. Дазволены адзін, прычым толькі выціраць рукі. Абматаеш вакол шыі — напішуць паперу за парушэнне формы адзення», — напісаў Павел Севярынец.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула