БЕЛ Ł РУС

Найбуйнейшая адмена рэйсаў з часоў пандэміі — ваенны канфлікт на Блізкім Усходзе справакаваў хаос у небе

2.03.2026 / 17:46

Антось Жупран

Тысячы рэйсаў былі адмененыя, сотні тысяч пасажыраў апынуліся ў пастцы ў аэрапортах розных краін, а паветраная прастора на Блізкім Усходзе фактычна паралізаваная. Пра маштаб і наступствы гэтага крызісу падрабязна паведамляе The Guardian.

Слуп дыму пасля іранскага ўдару на фоне пасажырскага самалёта ў закрытым аэрапорце Дубая. 1 сакавіка, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Фота: AP Photo / Altaf Qadri

Пасля ваенных удараў ЗША і Ізраіля па Іране шэраг краін рэгіёна закрыў сваю паветраную прастору. Аэрапорты дзяржаў Персідскага заліва і іх авіякампаніі спынілі працу як мінімум да 10.00 GMT (13:00 па мінскім часе) аўторка. Найбуйнейшыя транзітныя вузлы — Дубай (самы загружаны міжнародны хаб у свеце), Абу-Дабі і Доха — не працуюць ужо трэці дзень запар. Аналітыкі называюць гэта самым моцным шокам для галіны з часу, калі пандэмія фактычна спыніла міжнародныя перавозкі.

Паводле звестак аналітычнай кампаніі Cirium, толькі да 10‑й раніцы панядзелка былі адмененыя як мінімум 1 555 рэйсаў у напрамку Блізкага Усходу. Пры гэтым эксперты папярэджваюць: рэальная лічба можа быць значна вышэйшай, бо даныя з Ірана і ААЭ паступаюць з затрымкамі.

Паводле сэрвісу FlightAware, у суботу былі скасаваныя каля 2 800 рэйсаў, у нядзелю — больш за 3 100. Паветраная прастора над Іранам, Іракам, Кувейтам, Ізраілем, Бахрэйнам, ААЭ і Катарам фактычна апусцела — гэта пацвярджаюць даныя Flightradar24.

Геаграфія хаосу

Наступствы канфлікту хутка выйшлі за межы зоны баявых дзеянняў.

Пасажыры засталіся заблакіраванымі па ўсім свеце — ад Балі да Франкфурта. Air India была вымушана адмяніць рэйсы ў Еўропу і Паўночную Амерыку, а еўрапейскія перавозчыкі, такія як British Airways і easyJet, спынілі палёты на Кіпр пасля ўдару беспілотніка па брытанскай ваеннай базе Акратыры.

Сітуацыя ўскладняецца тым, што канфлікт перакінуўся на Ліван, дзе Ізраіль наносіць удары па прыгарадах Бейрута. Гэта робіць немагчымым бяспечнае выкарыстанне паветраных калідораў, якія раней лічыліся альтэрнатыўнымі. Зараз пілоты і экіпажы авіякампаній раскіданыя па розных краінах, што робіць працэс будучага аднаўлення палётаў надзвычай складаным лагістычным квестам.

У той час як сотні тысяч звычайных пасажыраў спрабуюць атрымаць хоць нейкую інфармацыю ў перапоўненых аэрапортах, заможныя падарожнікі шукаюць абыходныя шляхі. Адзіным «акном» з рэгіёна застаецца Саудаўская Аравія. Брокеры прыватных самалётаў паведамляюць аб рэзкім попыце на джэты з Эр-Рыяда ў Еўропу, кошт якіх дасягае 350 000 даляраў за рэйс.

Фінансавыя страты

Рэгіён і яго авіякампаніі прызвычаіліся да перабояў у паездках за апошнія некалькі гадоў, але такое працяглае закрыццё неба — больш за 24 гадзіны — і спыненне працы ўсіх трох вялікіх транзітных вузлоў Персідскага заліва з’яўляюцца беспрэцэдэнтнымі, адзначаюць аналітыкі.

Акцыі Tui, найбуйнейшай турыстычнай кампаніі Еўропы, упалі на 7% у пачатку таргоў. Акцыі найбуйнейшых сусветных авіяперавозчыкаў — Lufthansa, Air France-KLM, Qantas і Singapore Airlines — упалі на 5—9%.

Аднак галоўная пагроза для галіны тоіцца ў цэнах на энерганосьбіты. Нафта маркі Brent ужо падаражэла на 13%, дасягнуўшы адзнакі ў 80 даляраў за барэль, і эксперты прагназуюць рост да 100. Гэта непазбежна прывядзе да падаражэння квіткоў і фінансавага знясілення авіякампаній, якія толькі пачалі аднаўляцца пасля пандэміі.

Што далей?

Частка рэйсаў, якія ўсё ж выконваюцца, вымушана ляцець у абыход закрытых зон. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны сусветная авіяцыя ўжо была вымушаная кардынальна змяніць маршруты. Важную ролю пачалі адыгрываць калідоры праз Іран і Ірак, якія дазвалялі злучаць Еўропу з Азіяй.

Цяпер, калі і гэтыя маршруты апынуліся пад пагрозай або цалкам закрытыя, авіякампаніі вымушаныя сціскацца ў яшчэ больш вузкія паветраныя калідоры. Дадатковую нестабільнасць стварае напружанасць паміж Пакістанам і Афганістанам.

Аналітыкі папярэджваюць: галоўная пагроза — працяглая дэстабілізацыя. Калі канфлікт зацягнецца (а Дональд Трамп ужо заявіў, што ваенная аперацыя можа працягвацца яшчэ чатыры тыдні), наступствы для сусветнай авіяцыі будуць доўгатэрміновымі. І яны закрануць не толькі пасажырскі сегмент. Персідскі заліў з’яўляецца вядучым скрыжаваннем для авіяперавозак грузаў, што стварае дадатковы ціск на гандлёвыя шляхі ў дадатак да ўжо існуючых перабояў на моры.

Чытайце таксама:

Удары Ізраіля і ЗША па Іране прывялі да закрыцця важных нафтагазавых аб’ектаў на Блізкім Усходзе

Цэны на нафту падскочылі на 13% пасля ўдараў па Іране

Як ЗША і Ізраіль вызначылі месцазнаходжанне аяталы Хаменеі

Каментары да артыкула