Мінскае метро атрымае з Расіі 15 новых вагонаў
Мінскі метрапалітэн атрымае з Расіі 15 новых вагонаў — гэта тры пяцівагонныя саставы, якія плануюць паставіць у 2026 годзе. Кантракт падпісаны з машынабудаўнічым заводам у Мыцішчах, які супрацоўнічае з мінскай падземкай яшчэ з савецкіх часоў, паведамляе прэс-служба прадпрыемства «Трансмашхолдынг».
Фота: t.me/tmh_global
Новыя цягнікі ўжо знаёмыя пасажырам, бо яны распрацаваныя спецыяльна для Мінска і раней пастаўляліся ў сталіцу. Вагоны маюць шырокія дзвярныя праёмы з сістэмай супрацьзаціскання, а таксама дадатковае дыёднае асвятленне, якое інфармуе пра адкрыццё і закрыццё дзвярэй.
Сістэмы вентыляцыі, кандыцыянавання і ацяплення дазваляюць падтрымліваць камфортную тэмпературу ў салоне ў любы сезон. Паветра ўнутры праходзіць абеззаражванне з дапамогай ультрафіялетавых лямпаў, убудаваных у сістэму кандыцыянавання.
Зніжэнне ўзроўню шуму і вібрацыі дасягаецца дзякуючы пнеўматычнай падвесцы кузава і выкарыстанню сучасных ізаляцыйных матэрыялаў. Вагоны абсталяваныя асінхроннымі цягавымі электрарухавікамі расійскай вытворчасці.
У новых саставах устаноўлена сістэма бяспекі і аўтакіравання, якая аўтаматычна рэгулюе хуткасць, кіруе разгонам і тармажэннем. Гэта дазваляе зменшыць нагрузку на машыніста і павысіць бяспеку руху.
За апошнія гады завод у Мыцішчах паставіў у Мінск 48 вагонаў. Усяго ў парку сталічнага метро налічваецца больш за 400 вагонаў, большасць з якіх вырабленая менавіта на гэтым прадпрыемстве.
Чытайце таксама:
Чаму цягнікі ў мінскім метро сіняга колеру?
Для паскарэння будаўніцтва метро ў Мінску закупілі другую «Алесю»
Ці жывуць у мінскім метро велізарныя пацукі?
У мінскім метро расказалі, што хаваецца за загадкавымі дзвярыма на сценах станцый