БЕЛ Ł РУС

Як выглядае стылёвы дом новай рэктаркі Акадэміі мастацтваў коштам паўмільёна даляраў

4.03.2026 / 09:00

Ф. Раўбіч

Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў атрымала новую кіраўніцу — архітэктарку Анастасію Каласоўскую. Пра яе жыццё мала што вядома, але «Наша Ніва» адшукала іх з мужам сядзібу пад Мінскам. Катэдж коштам амаль паўмільёна даляраў, з уласным спа-комплексам, хваёвым лесам і камінам вышынёй 7 метраў.

Дом Зайцава і Каласоўскай у Шубніках пад Заслаўем. Калаж «Наша Ніва», фота з сацсетак

Анастасія Каласоўская шмат гадоў рабіла акадэмічную кар'еру ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце, дзе дарасла да пасады намесніцы дэкана архітэктурнага факультэта. Яе муж, Андрэй Зайцаў — вядомы архітэктар-практык, які прайшоў школу ў дзяржаўным інстытуце «Ваенпраект», пасля чаго сышоў у прыватны бізнэс і заснаваў уласную студыю.

Верагодна, пазнаёміліся яны яшчэ ў студэнцкія гады, бо вучыліся прыкладна ў адзін час на архітэктурным факультэце Беларускай дзяржаўнай політэхнічнай акадэміі (як тады называўся БНТУ) і скончылі яе ў канцы 1990‑х гадоў. 

Архітэктар Андрэй Зайцаў ва ўласным доме. Скрыншот відэа Realt

Правераны кадр на месцы прынцыповых людзей

Як адзначаюць у архітэктурнай супольнасці, восенню 2020 года, у самы разгар пратэстаў, Каласоўская выйшла з дэкрэтнага адпачынку. Адным з першых яе пасылаў на кафедры была жорсткая ўстаноўка: калі вы працуеце ў дзяржаўнай ВНУ, то абавязаны падтрымліваць дзяржаўную палітыку.

Анастасія Каласоўская, новая рэктарка Акадэміі мастацтваў. Фота: тэлеграм-канал БДАМ

У 2024 годзе, калі Каласоўская перайшла з БНТУ ў Акадэмію мастацтваў, яна заняла пасаду прарэктаркі па вучэбнай рабоце, якая да 2021 года належала Алене Бохан. Тая падчас пратэстаў прынцыпова адмовілася падпісваць загады аб адлічэнні моладзі і запатрабавала спыніць пераслед, за што ў выніку паплацілася пасадай падчас маштабнай кадравай чысткі.

Прычым наўрад ці пазіцыя Каласоўскай была прадыктавана страхам застацца без сродкаў да існавання: страта пасады ў ВНУ не адбілася б крытычна на дабрабыце сям'і.

Прэміяльныя замежныя матэрыялы і беларуская аўтэнтыка

Уласная сядзіба ў вёсцы Шубнікі, што за 18 кіламетраў ад МКАД у экалагічна чыстым Заслаўскім кірунку, стала для мужа Каласоўскай, архітэктара Андрэя Зайцава, сапраўдным маніфестам яго разумення камфорту.

Дом Зайцава і Каласоўскай у Шубніках пад Заслаўем. Фота: Tut.by

Сам Зайцаў так апісвае сваю эвалюцыю: «Па меры свайго руху я прыйшоў да праектаў прыватнага домабудавання як найбольш маштабнай і чалавечнай формы разумення асяроддзя».

Дом будаваўся ў канцы нулявых. Сам Зайцаў у адным з інтэрв'ю расказваў пра гэты працэс з лірычнай ноткай, згадваючы, што пачынаў будоўлю без капейкі ў кішэнях, узяўшы крэдыт на 30 тысяч даляраў, які скончыўся яшчэ на этапе заліўкі падмурка. 

Дом Зайцава і Каласоўскай у Шубніках пад Заслаўем. Фота: Tut.by

Дом Зайцава і Каласоўскай у Шубніках пад Заслаўем. Фота: Tut.by

Гараж-навес пры доме. Фота: Tut.by

Альтанка і пергана на ўчастку дома. Фота: Tut.by

Сродкаў спатрэбілася нямала. Першапачатковая ідэя сціплага каркасніка хутка трансфармавалася. Псіхалагічна архітэктар не змог змірыцца з адчуваннем «лёгкіх сцен», таму ўнутры драўлянай абалонкі быў збудаваны маналітны жалезабетонны каркас са сценамі з керамзітабетону.

У выніку атрымалася маштабная сядзіба. На ўчастку на 18 сотак паўстаў трохпавярховы катэдж агульнай плошчай 246 квадратных метраў. Побач — гасцявы дом, альтанка-барбекю з поўнапамернай рускай печкай і вулічнай кухняй, а таксама гараж-навес на два аўтамабілі.

Дом і гаспадарчыя пабудовы. Фота: Realt / Час-Пик

Гараж-навес на два аўтамабілі. Фота: Tut.by

Альтанка з рускай печкай і старадаўняй лавай. Фота: Tut.by

Ландшафт прадуманы да міліметра: унутраны двор-паціа з каланадай, забрукаваны колатым каменем, уласны пладовы сад і штучна высаджаны хваёвы лес з дрэвамі вышынёй да 14 метраў. Каб хатнія гадаванцы не адчувалі дыскамфорту, прадугледжаны ацеплены пакой для сабак з вальерам.

Тэрасы перад домам забрукаваны каменем. Фота: Tut.by

Унутраная прастора дома сям'і архітэктараў вырашана па прынцыпе анфілады — без калідораў, дзе памяшканні плаўна перацякаюць адно ў аднаго.

Гасцёўня з камінам. Фота: Tut.by

Камін у гасцёўні. Фота: Realt / Час-Пик

Сэрцам дома з'яўляецца двухсветлавая гасцёўня са столлю вышынёй 7,4 метра і панарамнымі вітражнымі вокнамі. Камін у гасцёўні таксама нестандартны: ачаг шырынёй 1,4 метра адліты з бетону «ўручную».

На другі паверх, дзе размясціліся спальні і невялікая кіназала, вядзе адкрытая маналітная лесвіца. 

Двухсветлавая прастора ў гасцёўні. Фота: Tut.by

Невялікая кіназала на другім паверсе. Фота: Tut.by

Санвузел. Фота: Tut.by

Рэлаксаваць гаспадары таксама могуць ва ўласным спа-комплексе, які ўключае лазню на дровах, аздобленую дубам і натуральным каменем, і міні-басейн.

Тэхнічнае начынне адпавядае сучасным стандартам: клімат-кантроль, сістэма цёплых падлог. 

Лазня мае невялікі басейн, яе сцены ашаляваныя дрэвам і ўпрыгожаны керамікай ручной працы. Фота: Tut.by

Пры ўсёй маштабнасці інжынерных рашэнняў архітэктар зрабіў стаўку на спалучэнне прэміяльных імпартных элементаў з падкрэслена лакальнымі матэрыяламі. Так, на кухні ўсталяваныя дарагія фасады з колатага бельгійскага дуба. Але ў пярэднім пакоі замест італьянскай пліткі падлогу залілі шліфаваным бетонам з вялікімі спіламі валуноў — гэта сучасная адсылка да традыцыйнай беларускай разынкавай муроўкі.

Сталовая. Фота: Tut.by

Сцены доме абклеены звычайным ільняным палатном. Фота: Tut.by

Сцены і столь у доме абклеены звычайным ільняным палатном айчыннай вытворчасці, якое каштавала капейкі, а керамзітабетонныя блокі ў гасцёўні проста перацёртыя клеем і пафарбаваныя.

Бетонная падлога ў прыхожай, якая адсылае да традыцыйнай беларускай тэхнікі разынкавай муроўкі. Фота: Realt / Час-Пик

Спіл вялікага валуна на ўваходзе. Фота: Tut.by

Асобны гонар гаспадара — сабраныя па крупінках гістарычныя артэфакты: аўтэнтычныя збаны з палескай Гарадной, дарэвалюцыйнае шкло, выратаванае са сметніка пры рэканструкцыі гістарычнага цэнтра Мінска, і старая канапа з бацькоўскай хаты. Усё гэта стварае вобраз дыхтоўнага шляхецкага маёнтка з уласнай гісторыяй.

Кабінет са старадаўняй канапай, прывезенай з бацькоўскага дома па Палессі. Фота: Tut.by

Фрагменты старой кафлі. Фота: Tut.by

Стылёвы будынак прыцягвае ўвагу не толькі журналістаў, але і кіношнікаў. Менавіта ў катэджы Зайцава і Каласоўскай здымаліся пачатковыя сцэны расійска-беларускага трылера «Дзіўны дом» (2023). У гэтым жа фільме засвяцілася, напрыклад, і сядзіба ў Красным Беразе. 

Дом у фільме «Дзіўны дом» (2023). Кадр з фільма

Дом у фільме «Дзіўны дом» (2023). Кадр з фільма

Дом у фільме «Дзіўны дом» (2023). Кадр з фільма

Цана пытання

У 2022 годзе дом нечакана быў выстаўлены на продаж. За цалкам гатовую да пражывання сядзібу з басейнам прасілі каля 450 тысяч даляраў (амаль 1,3 мільёна рублёў). Аднак пакупнікоў, відаць, не знайшлося. Аб'ява на сайце перастала быць актыўнай, а мяркуючы па сацсетках архітэктара, які, дарэчы, любіць падпісваць свае пасты па-беларуску, сям'я працягвае жыць у сваім гняздзе пад Заслаўем.

Аб'ява аб продажы дома за 450 тысяч даляраў. Скрыншот сайта

Разважаючы пра ўласную прафесію, Андрэй Зайцаў аднойчы вельмі трапна заўважыў, што архітэктуру можна разглядаць як спосаб выказвання і выхавання чалавека. Паводле яго слоў, эстэтыка другасная, а галоўнае — гэта этыка і фарміраванне такіх паняццяў, як годнасць, самапавага і ўнутраная свабода.

Праўда, ёсць небеспадстаўныя сумненні, што фарміраванне такой этыкі — гэта тое, чым будзе займацца яго жонка на пасадзе рэктаркі Акадэміі мастацтваў. У сістэме, часткай якой яна стала, на першым месцы сярод якасцяў студэнтаў і супрацоўнікаў стаіць не годнасць, а безагаворачная лаяльнасць да рэжыму.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула