Беларускі гурт «Саюз» выступіў па-беларуску на BBC Radio 6 Music
Беларусаў запрасіў у эфір 28 лютага ўплывовы брытанскі дыджэй Жыль Пітэрсан. Пітэрсан спецыялізуецца на пошуку незалежных талентаў у жанрах, якія рэдка трапляюць у камерцыйны эфір, адзначаў часопіс C41. У яго сотні тысяч падпісчыкаў, якія сочаць за ягонымі рэкамендацыямі на розных платформах, піша «Радыё Свабода».
Фота: instagram.com/gruppasoyuz
Са слоў Жыля Пітэрсана, стыль гурта спалучае еўрапейскі фальклор, псіхадэліку і матывы бразільскай папулярнай музыкі (а гэта кактэйль з самбы, баса-новы, джазу і року).
Аўдыторыя BBC Radio 6 Music — каля 2,7 мільёна слухачоў на тыдзень.
Выступ гурта суправаджаўся запісам у Maida Vale — студыі BBC з шматгадовай гісторыяй, дзе гралі зоркі сусветнай музыкі.
«Саюз» зайграў трэкі з альбома Krok, які выйшаў летась у кастрычніку. Гэта першы беларускамоўны і чацвёрты па ліку альбом гурта. Праўда, паслухаць гэты выступ можна толькі ў Вялікабрытаніі.
Фота: instagram.com/gruppasoyuz
І BBC Radio 6 Music, і брытанскі лэйбл Mr Bongo, на якім выйшлі два апошнія альбомы гурта, — прызнаныя арыенціры ў інтэлектуальнай і альтэрнатыўнай музыцы.
Прызнанне аўтарытэтных экспертаў падзяляюць і слухачы. На нядаўніх канцэртах «Саюза» ў Лондане, Амстэрдаме, Парыжы, Бруселі, Берліне і Капенгагене не было ніводнага непрададзенага квітка.
«Саюз» 9 гадоў таму стварылі ў Беларусі кампазітар Алекс Чумак і басіст Мікіта Арлоў. З 2022 года гурт базуецца ў Варшаве. Назва, паводле задумы, апісвае характар узаемаадносін паміж удзельнікамі гурта.