БЕЛ Ł РУС

«Пад канец адпачынку даведаліся, што тут няма сховішчаў». Беларусы, што знаходзяцца ў ААЭ, расказалі, як ім там цяпер

3.03.2026 / 21:32

Nashaniva.com

Каля 3 тысяч беларусаў, якія набылі туры праз турагенцтвы, зараз знаходзяцца ў рэгіёне Блізкага Усходу. Больш за ўсё нашых суайчыннікаў праводзяць адпачынак у ААЭ: звыш 2,5 тысяч чалавек. Выданне «Салідарнасць» паглядзела, чым дзеляцца нашы землякі ў сацсетках, а таксама на ўмовах ананімнасці распытала суразмоўцаў пра атмасферу ў ААЭ гэтымі днямі.

Фота: AP Photo/Altaf Qadri

«Штосьці ўжо нікуды не хочацца»

«У першыя дні былі чутныя вельмі гучныя гукі ад працы СПА. Зараз больш шуму ў навінах, а ў Дубаі спакойна, людзі вечарамі гуляюць», — сцвярджае адзін з беларусаў, паказваючы міні-ролік у тыктоку.

Іншыя, аднак, посцяць фота і відэа амаль пустых пляжаў і басейнаў пры гатэлях, куды «не пускаюць з меркаванняў бяспекі».

«На пляжы 1 сакавіка было пуста як ніколі — як змрочна пажартаваў мясцовы ахоўнік, усе ў аэрапорце, чакаюць магчымасці вылету, — коратка апісала сітуацыю яшчэ адна беларуска, пуцёўка якой заканчваецца праз пяць дзён. — Цяпер вярнуліся, урад рэкамендуе не ехаць у аэрапорт, каб не ствараць натоўпу, а чакаць пацвярджэння вылету ад авіякампаніі. Я разлічваю, што нам ужо ўдасца вярнуцца дадому нармальна».

У Threads беларусы расказваюць, што знаходзяцца на сувязі з консульствам і тураператарам.

«Сям'ю маіх знаёмых у Фуджэйры высяляюць з гатэля і засяляюць назад кожны дзень, у надзеі на эвакуацыйны рэйс, але яго пакуль не пацвердзілі», — падзялілася адна з карыстальніц сеткі.

«Наш тураператар даў прасцейшы гатэль замест таго, дзе жылі да канца тура. Пакуль працягнулі да 4 сакавіка. Сядзім роўна, чакаем, калі зможам паляцець», — апісала сваю сітуацыю іншая беларуска.

«Ад flyDubai прыйшла інфармацыя быць напагатове, ужо сёння можа адбыцца вывазны рэйс».

«А ў нас вылет у Дубай запланаваны на 10 сакавіка, але штосьці ўжо нікуды не хочацца. Плануем памяняць кірунак, калі гэта можна будзе зрабіць без пераплат».

«Дарэчы, у нас быў тур у ААЭ з Мінска на 2 красавіка, памянялі на Егіпет. Неяк з-за апошніх падзей ахвота адпала туды ляцець, нават калі ўсё добра будзе, асадак [застаўся]».

«Мы зараз тут. Проста над намі нічога не лётае, але працу СПА чуем. І ніякага адчування адпачынку і бяспекі няма. Молімся, каб хутчэй атрымалася паляцець».

«Беларусы тут самаарганізаваліся ў чатах і прапануюць дапамогу і падтрымку, хто чым можа. Чытала, што адны хлопцы, мясцовыя беларусы, бясплатна дастаўляюць ежу тым, у каго, мякка кажучы, складаная сітуацыя. Мне не трэба, але ўсё роўна захапляюся і ганаруся — нашы людзі!»

«Зараз ціха. Але нервова»

У Дубаі зараз знаходзіцца сям'я гродзенца Вані Сцяцэнкі. Хлопчык з мышачнай міядыстрафіяй Дзюшэна, якому беларусы збіралі грошы на дарагі прэпарат усім светам, праходзіць тут лячэнне.

Ваніна мама Аляксандра падзялілася ў сацсетках, што пасля ўдараў 1 сакавіка ў клініцы на дзень адмянілі прыём для бяспекі маленькіх пацыентаў. Зараз, па яе словах, усё ціха, але сёння ўначы ўсё ж прыходзілі трывожныя (і вельмі гучныя) апавяшчэнні на тэлефоны.

Пра тое, што 3 сакавіка «ціха», кажа і суразмоўца «Салідарнасці». Яна знаходзіцца ў Абу-Дабі.

«Проста зараз ціха. Але нервова, — расказала беларуска, якая праводзіць адпачынак з сям'ёй. — Чытала ў навінах, што сёння ў прамысловым раёне Фуджэйры быў нафтавы пажар праз абломкі дрона, але быццам бы пацярпелых няма. Не ведаю, ці патушылі ўжо. У нас тут, вядома, нічога не было чуваць, гэта больш за 200 кіламетраў адлегласць.

Затое мы пад канец адпачынку даведаліся, што ў Эміратах няма сховішчаў, наогул. Лепш бы і далей жылі без гэтых ведаў. У якасці сховішча — падземныя паркоўкі або метро, ці проста калі абвяшчаюць трывогу, кажуць заставацца ў гатэлі. Ну, мы і сядзім. Крамы і рэстараны працуюць як звычайна.

Стараюся навін менш чытаць, асабліва рускамоўных — больш панікі, чым інфармацыі. А з іншага боку, заўважыла за гэтыя дні ў інстаграме вялікую колькасць аднатыпных ролікаў, дзе рускамоўныя блогеркі расказваюць, што «ім не страшна», бо «іх абараняюць» — і фота шэйха выстаўляюць. Як пад капірку на замову зроблена, каб пакупнікі нерухомасці і інвестары не разбегліся, відаць.

Спадзяёмся на тое, што консульства і тураператар знойдуць варыянты, каб хутчэй вывезці сваіх. Хаця трэба аддаць належнае мясцовай адміністрацыі, усе вельмі добразычлівыя і цярплівыя, нягледзячы на абставіны і вялікую колькасць турыстаў (таму што тых, хто захрас, турфірмы рассяляюць у гатэлі ніжэй класам, дзе ёсць вольныя месцы)».

Чытайце таксама:

Што посцяць беларускія селебрыціс, якія апынуліся пад бомбамі і дронамі ў краінах Бліжняга Усходу

«Басейны закрытыя, на пляжы рэкамендуюць не хадзіць». Што кажуць турысты ў ААЭ і Катары

У ААЭ, Катары і Амане застаюцца больш за тры тысячы беларускіх турыстаў

«Поўная нявызначанасць». Што будзе з турыстамі, якія планавалі адпачынак у ААЭ ў сакавіку?

Каментары да артыкула