БЕЛ Ł РУС

«Беларусы і ў Дубаі беларусы». Як суайчыннікі арганізавалі дапамогу тым, хто не можа вярнуцца дамоў праз закрытае неба

3.03.2026 / 22:11

Nashaniva.com

Беларусы, якія жывуць у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, падчас скасаванняў рэйсаў праз абстрэлы з боку Ірана дапамагаюць суайчыннікам, якія не могуць вылецець з краіны, але пры гэтым не разлічвалі на дадатковыя выдаткі. Пра тое, як людзі ў такіх умовах самаарганізаваліся, піша «Белсат».

Пасажыры, якія затрымаліся праз закрыццё міжнароднага аэрапорта, чакаюць дапамогі на паркоўцы аэрапорту ў Дубаі. 1 сакавіка 2026 года. Фота: Altaf Qadri / AP Photo / East News

Пакуль неба на Блізкім Усходзе закрытае і многія беларусы, што паляцелі адпачываць у Эміраты, не могуць вярнуцца дамоў, Раман з Мінска, заснавальнік сэрвісу дастаўкі гатовых рацыёнаў ProfitFood у Менску, разам са сваёй ініцыятывай ProfitFood у Дубаі развозіць там бясплатную ежу беларусам, якія апынуліся ў складанай сітуацыі.

Мужчына ў Тhreads адзначыў, што каардынуецца з Генеральным консульствам Беларусі, якое збірае і перадае заяўкі ад тых, хто патрабуе «максімальнай падтрымкі». 

«У няпросты час галоўнае — заставацца людзьмі. Калі вам ці вашым блізкім патрэбная дапамога, звяртайцеся ў Генконсульства ў Дубаі! У складаны час важна трымацца разам. Беларусы сваіх не кідаюць», — напісаў Раман. 

«Беларусы і ў Дубаі беларусы. Ганаруся», — пішуць у каментарах. 

«Як прыемна! Вы цудоўны чалавек! Мы цяпер у Дубаі, дапамога не патрэбная, вылецім, спадзяюся, своечасова, але як жа мне прыемна чытаць такія чалавечныя словы». 

Хоць рашэнне дапамагчы турыстам на адпачынку ў заможнай краіне разумеюць не ўсе. 

«У сэнсе бясплатная ежа?! Гэта пагарэльцы ў вёсцы ці што? Людзі ў ААЭ прыляцелі, ну затрымаліся на пару дзён — і ў іх грошай на ежу няма, дурдом проста». 

Таксама людзі стварылі тэлеграм-чат абвестак з прапановамі часовага жылля і карыснымі рэкамендацыямі турыстам, якія захраслі ў аэрапортах Абу-Дабі, Дубая і Шарджы або апынуліся літаральна на вуліцы ў гэтыя дні. 

«Я маці з 4 дзецьмі. Выганяюць з гатэлю «Лега Лэнд», рэйс 3 сакавіка на 19:40 скасавалі ўчора. Патрэбная дапамога з жыллём», — запытала там Кацярына. 

«Калі камусьці патрэбная дапамога — жанчыны, дзеці — бясплатна 2 пакоі ў 4‑пакаёвай кватэры да вашага вылету ў краіну. Проста 2 пакоі вольныя, гатовая дапамагчы ад чыстага сэрца», — напісала вышэй беларуска з Дубаю. 

«Мы сямʼя, калі ў вас рэальныя складанасці з жыллём да вылету, на некалькі начэй зможам даць адзін невялікі пакой дзяўчатам ці пары», — прапанаваў Аляксей.

Мясцовыя беларусы прапануюць пакоі ў сваіх кватэрах, некаторыя гатовыя зняць за свае грошы кватэру нават на тыдзень. Праўда, часцей за ўсё паведамленні тычацца жанчын і з дзецьмі. 

Чытайце таксама:

«Пад канец адпачынку даведаліся, што тут няма сховішчаў». Беларусы, што знаходзяцца ў ААЭ, расказалі, як ім там цяпер

«Поўная нявызначанасць». Што будзе з турыстамі, якія планавалі адпачынак у ААЭ ў сакавіку?

У ААЭ, Катары і Амане застаюцца больш за тры тысячы беларускіх турыстаў

«Басейны закрытыя, на пляжы рэкамендуюць не хадзіць». Што кажуць турысты ў ААЭ і Катары

Каментары да артыкула