Залатая труна, вянкі ў форме пеўняў. У Мексіцы пахавалі Эль Менча — лідара наркакартэля
Немесіа Асегеру Сервантэса пахавалі пад гукі аркестра, які выконваў наркакарыдас.
Фота: Stringer/Anadolu via Getty Images
У Мексіцы прайшло пахаванне Эль Менча — лідара наркакартэля «Новае пакаленне Халіска», забітага ў канцы лютага ў ходзе спецаперацыі мексіканскіх сілавікоў. Немесіа Асегеру Сервантэса (гэта сапраўднае імя Эль Менча) пахавалі ў залатой труне пад гукі аркестра, які выконваў наркакарыдас, піша Бі-бі-сі.
59‑гадовы Сервантэс памёр 22 лютага ад раненняў, атрыманых у выніку перастрэлкі паміж яго целаахоўнікамі і байцамі спецпадраздзяленняў, накіраваных для яго затрымання.
Заснавальнік сумна вядомага наркакартэля «Новае пакаленне Халіска» быў самым шуканым чалавекам у Мексіцы, а ўлады ЗША прапаноўвалі за інфармацыю, якая прывяла б да яго арышту, узнагароду 15 млн даляраў.
Смерць Эль Менча вылілася ў беспарадкі па ўсёй Мексіцы: члены картэля падпальвалі аўтамабілі і перакрывалі дарогі ў 20 штатах краіны.
Падчас пышнага пахавання непадалёк ад Гвадалахары — у штаце Халіска, апорным пункце картэля — улады ўзмацнілі меры бяспекі, вывеўшы на вуліцы дадатковыя падраздзяленні Нацыянальнай гвардыі.
Перад пачаткам цырымоніі ў пахавальную залу занеслі вялікія кветкавыя кампазіцыі, у тым ліку ў форме пеўня — намёк на вядомую страсць нябожчыка да пеўневых баёў.
Спецаперацыя супраць Сервантэса стала буйным поспехам для адміністрацыі прэзідэнта Мексікі Клаўдзіі Шэйнбаум, якая знаходзіцца пад пастаянным ціскам з боку Дональда Трампа, які патрабуе ад суседняй краіны рэальных вынікаў у барацьбе з наркабізнесам.
Аднак эксперты асцерагаюцца, што гібель Эль Менча створыць вакуум улады і справакуе новы ўсплёск гвалту: фракцыі ўнутры шматтысячнага наркакартэля могуць пачаць крывавую міжусобіцу за кантроль над імперыяй Сервантэса.