Беларусбанк уводзіць распазнаванне па твары
Каб стаць карыстальнікам біяметрычнага сэрвісу, дастаткова адзін раз прыйсці ў аддзяленне банка з дакументам, які пацвярджае асобу.
Фота: Jakub Porzycki / NurPhoto via Getty Images
Беларусбанк пачне распазнаваць кліентаў па твары, паведамляе прэс-служба фінансавай установы.
Біяметрычная аўтэнтыфікацыя дае магчымасць здзяйсняць аперацыі па ўкладах, рахунках, у тым ліку з выкарыстаннем плацежнай карткі, дабрачынных рахунках, а таксама ажыццяўляць плацяжы і пераводы ў беларускіх рублях у аддзяленнях банка шляхам спісання сродкаў з рахунку.
Каб стаць карыстальнікам біяметрычнага сэрвісу, дастаткова адзін раз прыйсці ў аддзяленне банка з дакументам, які сведчыць асобу.
Працэдура рэгістрацыі займае ўсяго некалькі хвілін і ўключае:
- азнаямленне з афертай і памяткай пра правы суб’екта персанальных даных;
- падпісанне згоды на апрацоўку персанальных даных і акцэпт аферты;
- здачу біяметрычнага ўзору;
- стварэнне індывідуальнага чатырохзначнага біяметрычнага ПІН-кода.
На гэты момант рэгістрацыя і абслугоўванне з выкарыстаннем біяметрыі твару даступная ў двух аддзяленнях:
- аперацыйная служба Галаўнога офіса (Мінск, пр-т Дзяржынскага, 18);
- аперацыйная служба ЦБУ №514 (Мінск, вул. Сурганава, 47).
Потым тэхналогія будзе паступова ўкараняцца і ў іншых аддзяленнях банка.