Ізраіль нанёс удар па Хаменеі са стратасферы. Без папярэдняга ўдару па СПА, як звычайна ў сучасных войнах
Пагаварыўшы з дзейнымі і былымі ізраільскімі і амерыканскімі афіцыйнымі асобамі, а таксама прааналізаваўшы відэазапісы і спадарожнікавыя здымкі выданне The Wall Street Journal аднавіла ход аперацыі па ліквідацыі Алі Хаменеі.
Дым над абломкамі рэзідэнцыі Хаменеі. 28 лютага 2026 года. Фота: Airbus
Ключавую ролю ў падрыхтоўцы адыграла падраздзяленне 8200 — сакрэтная ізраільская разведвальная служба, якая спецыялізуецца на перахопе тэлефонных размоў і кібераперацыях. Менавіта яе спецыялісты даведаліся пра запланаваныя сустрэчы вышэйшага кіраўніцтва Ірана. Разведка пацвердзіла: раніцай у суботу, 28 лютага, Вярхоўны лідар будзе знаходзіцца ў сваёй рэзідэнцыі разам з членамі сям’і.
Прыкладна а сёмай гадзіне трыццаць хвілін раніцы па іранскім часе ў кірунку Тэгерана вылецелі ізраільскія знішчальнікі F-15 у суправаджэнні іншых самалётаў.
План аперацыі грунтаваўся на абсалютнай нечаканасці: ізраільскае камандаванне прыняло рашэнне забіць Хаменеі першым жа ўдарам, нават не спрабуючы папярэдне вывесці з ладу іранскую сістэму супрацьпаветранай абароны. У Тэль-Авіве баяліся, што любая заўважная актыўнасць у паветранай прасторы дасць Хаменеі час спусціцца ў бункер або пераехаць у іншае бяспечнае месца, дзе ён стане недасяжным для ўдару.
Сама атака пачалася прыкладна ў дзевяць гадзін сорак хвілін раніцы. Дзясяткі ізраільскіх ракет, выпушчаных са знішчальнікаў F-15, пачалі біць па цэлях. Сярод іх былі і ракеты Blue Sparrow.
Як адзначае выданне са спасылкай на крыніцы, праінфармаваныя аб ходзе аперацыі, пускі ажыццяўляліся з вялікай адлегласці. Унікальнасць атакі заключалася ў тым, што ракеты Blue Sparrow спачатку выходзілі ў стратасферу Зямлі, а ўжо адтуль вертыкальна абрыналіся ўніз. Такая нетыповая высокая траекторыя стала поўнай нечаканасцю для іранскай СПА і кіраўніцтва ў Тэгеране.
Ужо за пяць хвілін, каля 09:45 па мясцовым часе, жыхары ўсіх раёнаў Тэгерана назіралі, як над закрытым комплексам лідара падымаюцца велізарныя хмары дыму. Высокадакладныя ракеты класа «паветра-зямля» паспяхова і роўненька-роўненька паразілі некалькі пунктаў унутры комплексу, дзе праходзілі сходы службовых асоб.
У момант удараў сам Хаменеі знаходзіўся ў сваёй рэзідэнцыі над зямлёй. Як паказваюць спадарожнікавыя здымкі, менавіта гэтая частка тэрыторыі атрымала самыя значныя і бачныя пашкоджанні.
Толькі пасля таго, як факт ліквідацыі Хаменеі быў пацверджаны, Ізраіль і Злучаныя Штаты Амерыкі перайшлі да наступнай фазы — маштабнага знішчэння супрацьпаветранай абароны Ірана і іншай крытычнай вайсковай інфраструктуры. Да той фазы, якая звычайна ідзе першай.
Вынікі аперацыі сталі відавочныя бліжэй да вечара. Спадарожнікавы здымак, зроблены ў 17:47, зафіксаваў пажары і разбурэнні ў комплексе, дзе месцяцца гіганцкая мячэць, прэзідэнцкая адміністрацыя і рэзідэнцыя лідара.