Продажы Geely б'юць рэкорды, а попыт на Lada падае. Чаму так?
Па выніках лютага, на маркі Geely/Belgee прыходзілася каля 65% продажаў новых аўто ў Беларусі.
Geely Coolray/Belgee X50. Фота: «Наша Ніва»
Расійскія аўто страчваюць пазіцыі
За мінулы месяц дылеры прадалі 2,7 тысячы адзінак Geely/Belgee, што на 41% больш, чым у студзені. Паралельна з гэтым продажы расійскай Lada, якая па выніках 2025 года ўсё яшчэ займала другое месца па папулярнасці на беларускім рынку, працягваюць падаць.
За люты было рэалізавана ўсяго 470 Lada, што на 13% менш, чым месяцам раней.
Якія мадэлі карыстаюцца найбольшай папулярнасцю?
Па выніках мінулага года самай папулярнай была Belgee X50, якая раней выпускалася пад назвай Geely Coolray. За 2025 год было рэалізавана каля 11 400 такіх красовераў.
На другім месцы ішоў седан Belgee S50 (Geely Emgrand): летась беларусы купілі амаль 6300 седанаў кітайска-беларускай вытворчасці.
Замыкае тройку лідараў паркетнік Belgee X70 (Geely Atlas Pro) з амаль 5 тысячамі продажаў.
У чым сакрэт поспеху?
Перш за ўсё ў тым, што ў Geely па суадносінах цана/якасць на рынку новых аўто ў Беларусі амаль няма канкурэнтаў. Пасля сыходу з Расіі сусветных аўтавытворцаў, перш за ўсё такіх, як VW і Renault, выбар аўто звузіўся.
Па-другое, на куплю аўто беларускай вытворчасці дзейнічаюць праграмы ільготнага крэдытавання, што таксама немалаважна.
Апроч гэтага, праз санкцыйныя абмежаванні стала складаней і даражэй прыганяць патрыманыя аўто з Еўропы і ЗША.
Але называць неймаверна высокі попыт на аўто беларускай зборкі выключна вымушаным не выпадае.
Рэч у тым, што ўжо па выніках 2021 года Geely займалі другі радок па папулярнасці, абганяючы VW і Renault.
Продажы новых аўто ў Беларусі па выніках 2021 года. Скрыншот: autokatalog.by
Лідарам продажаў у апошнім перадсанкцыйным годзе была расійская Lada з 11 669 аўто. Geely тады са сваім другім месцам прадалі 7422 аўто за год.
Паколькі часцяком для разумення карысна параўноўваць сітуацыю з іншымі краінамі, мы паглядзелі, што па цане беларуска-кітайскіх машын можна набыць у Літве.
Самая даступная мадэль Belgee — гэта седан S50. Цэны на іх пачынаюцца з 53 500 рублёў (каля 15 900 еўра) за базавую камплектацыю Comfort з 5‑ступенчатай МКПП.
Belgee S50 — самы даступны аўтамабіль у лінейцы. Скрыншот: belgee-center.by
Аўто з АКПП у камплектацыі Comfort Plus каштуе ад 56 900 рублёў (каля 16 900 еўра).
У Літве самым танным новым аўто на рынку з'яўляецца Dacia Sandero, які класам ніжэйшы за Belgee S50. У базавай камплектацыі з літровым рухавіком і МКПП такое аўто каштуе 15 тысяч еўра.
Скрыншот: dacia.lt
Dacia Sandero з АКПП і рухавіком на 120 к.с каштуе ўжо ад 18 100 еўра, што больш як на 1000 еўра даражэй за Belgee S50 на аўтамаце.
Самы папулярны аўтамабіль у Беларусі — красовер Belgee X50 (Geely Coolray). Ён прадаецца па цэнах ад 61 900 рублёў (каля 18 350 еўра). Гэта будзе аўто з АКПП і рухавіком аб'ёмам 1,5 літра магутнасцю 177 к.с.
Belgee X50 — самы прадаваны новы аўтамабіль у Беларусі. Скрыншот: belgee-center.by
Самы танны красовер у Еўропе — гэта Dacia Duster. Французска-румынскі ўседарожнік каштуе ў Літве ад 18 190 еўра.
І гэта будзе аўто з трохцыліндравым рухавіком аб'ёмам 1 літр і магутнасцю 100 к.с., які ўжо ад завода ідзе з газавай устаноўкай. Каробка ў ім механічная, і нават колавыя дыскі жалезныя.
Цэны на версію з АКПП і літымі дыскамі пачынаюцца ад 21 200 еўра, што амаль на 3000 еўра даражэй, чым за Belgee Х50, які пры гэтым мае больш магутны матор.
Калі параўноўваць цэны на папулярныя мадэлі Geely/Belgee беларускай зборкі не з самай таннай маркай у Еўропе Dacia, якая спецыялізуецца на выпуску аўто бюджэтнага сегмента, а з іншымі, то цэны на кітайска-беларускія машыны выглядаюць яшчэ больш прывабна.
Напрыклад, цэны на малалітражку Opel Corsa стартуюць з 19 500 еўра, а на кампактны красовер Mokka — з 26 460 еўра.
Самы танны аўтамабіль у лінейцы Peugeot — «208» — каштуе ад 20 500 еўра. Гэта цана за аўто ў базавай камплектацыі з бензінавым рухавіком і МКПП.
Скрыншот: peugeotlietuva.lt
А цэны на гібрыдныя кампактныя красоверы Peugeot 2008 пачынаюцца ўжо з 26 тысяч еўра.