БЕЛ Ł РУС

Іранскі пасол пасля сустрэчы з Лукашэнкам: Амерыканскі ўдар па школе быў ахвярапрынашэннем духу д’ябла

4.03.2026 / 18:11

Nashaniva.com

Пасол Ірана ў Беларусі Алірэза Санеі 4 сакавіка сустрэўся з Лукашэнкам, а пасля таго на прэс-канферэнцыі спрытна звязаў тое, што адбываецца ў Іране, са скандалам вакол файлаў абвінавачанага ў сэксуальных злачынствах амерыканскага фінансіста Джэфры Эпштэйна.

Алірэза Санеі

Санеі заявіў журналістам, што гібель ад удару бомбы па іранскай школе вялікай колькасці дзяўчынак нібыта звязана з культам Джэфры Эпштэйна і мае характар рытуальнага ахвярапрынашэння.

Паводле выкладзенай ім версіі:

«На востраў Эпштэйна прывозілі дзяцей з розных краін, было жорсткае абыходжанне, згвалтаванні і потым ахвярапрынашэнні, яны прыносілі ахвяру духу д’ябла».

Дыпламат сцвярджае, што падобныя дзеянні звязаныя з імкненнем дасягнуць поспеху праз ахвярапрынашэнні.

Санеі адзначыў, што школа для дзяўчынак стала адной з першых цэляў падчас атакі ЗША на Іран, і выказаў меркаванне, што гэта магло быць зроблена менавіта з мэтай прынясення дзяцей у ахвяру.

Цікава пры гэтым, што беларускія дзяржаўныя СМІ, даволі актыўна асвятляючы прэс-канферэнцыю іранскага пасла і шчодра яго цытуючы, акурат гэтае выказванне ці абыходзяць, ці згадваюць мімаходзь агульнымі словамі. Падрабязна спыніліся на ім, згадваючы ў тым ліку і Эпштэйна, толькі расійскія СМІ.

Авіяўдар па іранскай школе, пра які гаварыў пасол, быў нанесены 28 лютага 2026 года паміж 10:00 і 10:45 раніцы. Як паведамлялася, авіябомбай была разбураная пачатковая школа для дзяўчынак «Шаджарэ Таіба» ў горадзе Мінаб (правінцыя Хармазган). Будынак школы быў знішчаны больш чым напалову; відэаматэрыялы з месца падзеі былі верыфікаваныя найбуйнейшымі сусветнымі СМІ (The New York Times, Reuters, BBC). Як сцвярджаюць іранскія ўлады, загінулі ад 165 да 180 чалавек, большасць з якіх — дзеці ва ўзросце ад 7 да 12 гадоў. Незалежных пацвярджэнняў такой колькасці пакуль што атрымаць не ўдалося.

Чытайце таксама:

З’явілася ВІДЭА тарпеднага ўдару па іранскім фрэгаце Dena. Яго аж узняло над вадою

Ізраіль нанёс удар па Хаменеі са стратасферы. Без папярэдняга ўдару па СПА, як звычайна ў сучасных войнах

Лукашэнка: Вераломны напад Ізраіля пры падтрымцы ЗША на Іран непрымальны

Ізраіль будзе лічыць любога новага лідара Ірана «безумоўнай мішэнню для ліквідацыі»

У Ізраілі заявілі пра ўдар па іранскім аб'екце, на якім распрацоўвалі ядзерную зброю

Каментары да артыкула