Віктар Бабарыка ў Бруселі прэзентаваў партыю «Разам» і расказаў пра тры важныя кірункі яе працы
Ён скончыў сваю прамову на форуме, што прайшоў у Еўрапарламенце, словамі «Жыве Беларусь!».
Фота: Белсат
4 сакавіка Віктар Бабарыка прадставіў сваю партыю «Разам» і выступіў з прамовай на Міжпартыйным форуме «8+100», які адбываецца ў Еўрапарламенце, паведамляе «Белсат».
На форуме прысутнічалі прадстаўнікі дзевяці беларускіх дэмакратычных партый, якія былі ліквідаваныя пасля падзеяў 2020 года.
У сваім выступленні, зробленым па-англійску, Віктар Бабарыка звярнуўся да прысутных на форуме і адзначыў, што хацеў бы сказаць шмат добрых словаў пра іх працу цягам доўгіх шасці гадоў. Бо, на ягоную думку, беларусам было цяжка «заставацца на парадку дня еўрапейскай палітыкі і быць часткай еўрапейскай сям’і», асабліва тады, калі можна было пачуць пра тое, што «вы — суагрэсары, з краіны, якая пачала вайну супраць свабоды».
«Але я думаю, што рэжым — гэта не [простыя] людзі. Беларусы не падтрымліваюць гэты рэжым. І калі я быў у турме, шмат людзей, палітычных і не толькі палітычных зняволеных, казалі, што яны не падтрымліваюць гэтую вайну», — заўважыў Бабарыка.
Ён сказаў, што зараз са сваёй партыяй «Разам» думае, што можна зрабіць, каб палепшыць гэтую сітуацыю, і назваў тры асноўныя кірункі працы, на якіх варта сканцэнтраваць свае намаганні.
«У мяне было шмат сустрэч з людзьмі ў Варшаве, у Вільні, у Берліне. І мы разумеем, што мы павінны працягваць нашу працу ў некалькіх кірунках. Першы: мы павінны працаваць, каб вызваліць усіх зняволеных. Усе згодныя з гэтым. Другі: мы павінны спыніць план стварэння зняволеных, палітзняволеных. Трэці, вельмі, вельмі складаны: як прымусіць еўрапейскія партыі, еўрапейскія ўрады паверыць, што беларусы… што беларускі народ — гэта не рэжым. І таксама, што Беларусь — гэта адна з частак бяспекі Еўропы», — сказаў Віктар Бабарыка.
Ён заўважыў, што зараз важна ўкласці ў галовы еўрапейскіх палітыкаў і кіраўнікоў урадаў, што Беларусь павінна быць часткай Еўропы, бо гэта «не толькі наша свабода, гэта бяспека Еўропы». Бо 40 гадоў таму ў Беларусі здарылася чарнобыльская катастрофа, а зараз адбылася іншая, «грамадзянская катастрофа», і Беларусь і Украіна — частка гэтай катастрофы.
«І таму я думаю, што для нас вельмі важна стварыць новую сувязь паміж Украінай і Беларуссю… Мы павінны разарваць прывязку Беларусі да Расеі. І абсалютна ўпэўнены, што мы можам гэта зрабіць. І мы спрабуем зрабіць усё неабходнае, каб гэта адбылося», — сказаў Віктар Бабарыка, скончыўшы сваю прамову словамі «Жыве Беларусь!».
Пазней, падчас дыскусіі, Бабарыка яшчэ раз удакладніў сваю думку пра неабходнасць выбудоўвання сістэмы бяспекі еўрапейскага кантыненту, пры якім Беларусь не будзе прывязаная да Расеі.
«Гэта ключавы момант. Без таго, каб Беларусь стала «не расейскай», я перакананы, бяспекі Еўропы не будзе. І ў першую чаргу гэта будзе тычыцца менавіта сітуацыі ў тым ліку і Украіны», — сказаў Віктар Бабарыка.