БЕЛ Ł РУС

На польскім ТБ спыняць трансляцыю адкрыцця Паралімпіяды ў час выхаду беларускіх і расійскіх атлетаў

5.03.2026 / 10:42

Nashaniva.com

Раней чатыры еўрапейскія краіны — Латвія, Літва, Эстонія і Фінляндыя — увогуле адмовіліся ад трансляцыі цырымоніі адкрыцця гульняў.

Валянціна Бірыла і Лідзія Лобан. Фота: Мінспорта Беларусі

TVP падчас трансляцыі цырымоніі адкрыцця 6 сакавіка Паралімпійскіх гульняў-2026 не пакажа выхад расійскіх і беларускіх спартоўцаў на знак пратэсту супраць іх допуску да спаборніцтваў.

Як паведаміла выданне Sport.tvp.pl, падчас выхаду расейскіх і беларускіх спартоўцаў у эфіры тэлеканала з'явіцца застаўка з надпісам: «Салідарныя з Украінай. TVP Sport супраць удзелу расейскіх і беларускіх спартоўцаў у спаборніцтвах».

У выпадку, калі спартоўцы Польшчы выйграюць срэбны або бронзавы медаль, а расіяне ці беларусы перамогуць, у эфіры пакажуць момант узнагароджання, але перарвуць трансляцыю да выканання гімнаў і ўзняцця нацыянальных сцягоў.

Раней чатыры еўрапейскія краіны — Латвія, Літва, Эстонія і Фінляндыя — увогуле адмовіліся ад трансляцыі цырымоніі адкрыцця гульняў.

Зімовыя Паралімпійскія гульні пройдуць з 6 па 15 сакавіка ў тых жа лакацыях на поўначы Італіі, дзе праходзіла Алімпіяда.

На пачатку мінулага тыдня Міжнародны паралімпійскі камітэт дапусціў беларускіх і расійскіх спартоўцаў да Паралімпіяды, таму чатыры беларускія і шэсць расійскіх спартоўцаў змогуць выступіць пад сваімі дзяржаўнымі сцягамі.

Чатыры беларускія квоты прызначаныя для лыжных гонак (Лідзія Лобан, Валянціна Бірыла, Дар'я Фядзьковіч, Раман Свірыдэнка).

Падчас Паралімпіяды-2022 (4—13 сакавіка 2022) беларускія і расійскія спартоўцы былі адхіленыя ад спаборніцтваў праз пачатак поўнамаштабнай вайны. Прычым яны былі адхіленыя за дзень да пачатку спаборніцтваў.

Да ўдзелу ў звычайных Алімпіядах 2024 і 2026 гадах расійскія і беларускія спартсмены дапускаліся ў нейтральных статусе без выкарыстання сцягу і гімна, прычым удзел біятланістаў і хакеістаў быў забаронены.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула