БЕЛ Ł РУС

«Выжыла толькі котка». Абгарэлая, яна прасядзела 12 гадзін на лесвіцы пасля пажару ў кватэры ў Маладзечне, дзе загінулі тры чалавекі

5.03.2026 / 12:52

Nashaniva.com

Кажуць, што летась гэтую котку загінулая ў агні гаспадыня выкінула з 7‑га паверха. На пажары адтуль скокнуў сын жанчыны і разбіўся. 

Увечары 2 сакавіка ў адным са шматпавярховікаў у Маладзечне адбыўся страшны пажар. Згарэла гаспадыня кватэры і яе знаёмы, а 31‑гадовы сын гаспадыні разбіўся, выскачыўшы з акна сёмага паверха.

Нейкім цудам у пажары выжыла котка. Яна моцна пацярпела, піша mogilev.in.

Валанцёры арганізацыі «Шанс на жыццё. Маладзечна» знайшлі жывёлу на лесвіцы ў пад'ездзе — пасля пажару ім напісалі ў чаце, перадаўшы словы ратавальніка пра котку, якая адна засталася жывой.

У жывёлы абгарэлая мордачка і лапы. Котку адразу ж адвезлі да ветэрынараў, дзе ёй аказалі першую дапамогу.

На выходных, як распавялі валанцёры, жывёлу адвязуць у Мінск у ветклініку «Кампаньён» на кансультацыю да афтальмолага.

На заклік аб дапамозе ў сацсетках адгукнулася шмат людзей: пераводзяць грошы на лячэнне, прывозяць ежу, некаторыя гатовыя забраць яе сабе.

Пакуль што котка мае патрэбу ў лячэнні, а пасля валанцёры паспрабуюць знайсці сваякоў загінулых гаспадароў — магчыма, яны захочуць забраць яе, бо «так будзе правільна».

У каментарах пішуць, што нібыта ў мінулым годзе гэтую самую котку загінулая жанчына выкінула з 7‑га паверха. Тады жывёла выжыла, а відавочцы звярталіся ў міліцыю.

Паводле папярэдняй версіі Следчага камітэта, напярэдадні пажару ў кватэры пілі і курылі. Потым здарылася бяда, ад якой пацярпеў амаль увесь пад'езд: кватэры зверху закапціліся, знізу — залітыя вадой. Людзі ў стрэсе.

А абгарэлая котка прасядзела на лесвіцы, пакуль яе не забралі валанцёры — паводле іх слоў, гэта адбылося праз 12 гадзін пасля пажару. Увесь гэты час на яе ніхто не звяртаў увагі. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула