Пад Мінскам адкрылі завод, дзе робаты выпускаюць духавыя шафы
Новую беларуска-кітайскую высокатэхналагічную вытворчасць духавых шафаў запусцілі ў Мінску. Гэта праект холдынга «Гарызонт», піша БелТА.
Фота: Onliner.by
Пасля выхаду на праектную магутнасць там плануюць выпускаць да 600 тысяч вырабаў у год. У выніку гэта дазволіць павялічыць долю прысутнасці беларускай тэхнікі як на ўнутраным рынку, так і ў краінах ЕАЭС.
«Фішка» завода — удзел чалавека зведзены да мінімуму. Тэхніку тут збіраюць робаты. Напрыклад, у цэху штампоўкі працуюць аўтаматычныя прэсы, якія забяспечваюць найвышэйшую дакладнасць фармавання дэталяў. Поўнасцю аўтаматызаваны і працэс нанясення пакрыцця: ШІ-камеры ў рэжыме рэальнага часу аналізуюць геаметрыю дэталі і адаптуюць траекторыю распылення для глыбокай прафарбоўкі ўнутранай паверхні. Акрамя таго, на ўсіх этапах вытворчасці выкарыстоўваюць шматузроўневую сістэму кантролю якасці на базе штучнага інтэлекту.
У снежні 2025 года холдынг «Гарызонт» запусціў масавую робатызаваную вытворчасць тэлевізараў са ШІ. Прадпрыемства працуе па прынцыпе lights out: чалавека цалкам замянілі прамысловыя робаты і аўтаматызаваныя сістэмы, інтэграваныя ў скразную сістэму лічбавага кіравання вытворчым цыклам.
Раней таксама анансавалі, што ў 2026 годзе на прадпрыемстве «Атлант» робаты будуць збіраць гарызантальныя маразільнікі.