У Будапешце затрымалі сем супрацоўнікаў украінскага Ашчадбанка з дзясяткамі мільёнаў даляраў
Яны перавозілі інкасатарскімі аўтамабілямі 40 млн даляраў, 35 млн еўра і 9 кг золата.
Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга заявіў, што ў Будапешце ў чацвер венгерскія ўлады затрымалі сямёх грамадзян Украіны, супрацоўнікаў Ашчадбанка, пры якіх былі грошы і каштоўнасці, піша «Украінская праўда».
«У Будапешце венгерскія ўлады ўзялі ў закладнікі сямёх грамадзян Украіны. Прычыны, а таксама іх стан здароўя і магчымасць сувязі з імі пакуль невядомыя».
Сібіга адзначыў, што гэтыя сямёра ўкраінцаў — супрацоўнікі дзяржаўнага Ашчадбанка, якія выконвалі рэйс на двух інкасатарскіх аўтамабілях паміж Аўстрыяй і Украінай і перавозілі грошы і каштоўнасці ў межах рэгулярных перавозак паміж дзяржаўнымі банкамі.
«Фактычна, гаворка ідзе пра тое, што Венгрыя ўзяла закладнікаў і выкрала грошы. Калі гэта тая «сіла», пра якую сёння казаў спадар Віктар Орбан, то гэта сіла злачыннай банды. Гэта дзяржаўны тэрарызм і рэкет. Мы ўжо накіравалі афіцыйную ноту з патрабаваннем неадкладна вызваліць нашых грамадзян. Мы таксама звернемся да Еўрапейскага саюза з запытам даць выразную кваліфікацыю незаконным дзеянням Венгрыі — захопу закладнікаў і рабаванню», — напісаў Сібіга.
Таксама Ашчадбанк апублікаваў заяву адносна выкрадання сваіх супрацоўнікаў і сумы выкрадзеных сродкаў і каштоўнасцяў.
«Паводле даных GPS-сігналу, незаконна затрыманыя аўтамабілі Ашчадбанка цяпер знаходзяцца ў цэнтры Будапешта, побач з адной з сілавых структур Венгрыі. Месца знаходжання аўтамабіляў пацверджана прадстаўнікамі пасольства Украіны ў Венгрыі і Міністэрства замежных спраў Украіны. Месца знаходжання супрацоўнікаў Ашчадбанка пакуль невядомае», — гаворыцца ў заяве.
У банку дадалі, што перавозка грошай і каштоўнасцяў ажыццяўлялася Ашчадбанкам у межах міжнароднага пагаднення з Raiffeisen Bank International (Аўстрыя).
«Груз быў аформлены ў адпаведнасці з міжнароднымі правіламі перавозак і дзеючымі еўрапейскімі мытнымі працэдурамі. Аб’ём каштоўнасцяў, якія знаходзіліся ў выкрадзеных аўтамабілях, складаў 40 млн даляраў ЗША, 35 млн еўра і 9 кг золата. Ашчадбанк патрабуе неадкладнага вызвалення сваіх супрацоўнікаў і маёмасці і іх вяртання ва Украіну», — падкрэслілі ў банку.
Усё гэта развіваецца на фоне напружаных адносін паміж Будапештам і Кіевам вакол сітуацыі з нафтаправодам «Дружба».
2 сакавіка прэм’ер-міністр Віктар Орбан заявіў пра спадарожнікавыя здымкі, якія нібыта даказваюць адсутнасць перашкод у працы нафтаправода «Дружба».
Уладзімір Зяленскі, каментуючы гэта, сказаў, што са спадарожнікавых здымкаў можна ўбачыць далёка не ўсе дэталі. Таксама прэзідэнт Украіны папракнуў Віктара Орбана і Роберта Фіца ў эгаізме ў сітуацыі з нафтаправодам.
Орбан у сацыяльных сетках апублікаваў відэа, у якім пагражае сілай прымусіць Украіну аднавіць транзіт нафты па нафтаправодзе «Дружба».