Уладзімір Макей заўсёды браў на працу ссабойкі і казаў, што ў доме павінна пахнуць свежапрыгатаванай ежай
Удава палітыка Вера Палякова-Макей расказала, як харчаваўся муж.
Актрыса, дырэктар Мінскага тэатра юнага гледача Вера Палякова-Макей у размове са Sputnik.by расказала пра шлюб з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем, які працягваўся 17 гадоў — да смерці палітыка ў лістападзе 2022 года.
Яна кажа, што будучы натурай творчай і эмацыйнай, навучыла яго ўсміхацца. А яшчэ, як гэта ні дзіўна, — крычаць і актыўна жэстыкуляваць.
— Мой муж заўсёды казаў: «Ты можаш рабіць бліскучую кар’еру, займацца прафесіяй, я не супраць, але ў доме заўсёды павінна пахнуць свежапрыгатаванай ежай».
Тады з’яўляецца адчуванне ўтульнасці, чысціні і клопату. Усе ведалі, што мой муж ніколі не еў у грамадскім харчаванні — ён заўсёды браў з сабой ежу, прыгатаваную мной. Так, тыя самыя ссабойкі», — сказала актрыса.
Вера Палякова-Макей дадала, што і сёння, будучы чалавекам вельмі занятым і адданым прафесіі, яна стараецца знаходзіць час для хатніх спраў. Яна клапоціцца і пра сыноў, і пра ўжо даволі сталых бацькоў.
— Я ўстаю раней за ўсіх, гатую гарачы абед і сняданак, вяду дзіця ў школу. Вырашаю бытавыя пытанні. Калі бываюць выходныя, я, вядома, прыбіраю, мыю, прасую і раблю ўсё тое, што робіць звычайная жанчына, — сказала актрыса.
Вера Палякова-Макей працягвае традыцыю, заведзеную яе мужам: прыгатаваныя з душой хатнія ссабойкі прысутнічаюць у яе жыцці кожны дзень.
— Я прыходжу ў тэатр і не выходжу на абед. Я заўсёды ем тое, што прыгатавала і ўзяла з сабой.