БЕЛ Ł РУС

Трамп: Наступным лясне рэжым на Кубе

6.03.2026 / 13:09

Nashaniva.com

Прэзідэнт ЗША даў інтэрв'ю Politico, у якім закрануў некалькі актуальных палітычных праблем.

Фота: Win McNamee / Getty Images

Bild, які разам з выданнямі Politico, WELT, Onet, Business Insider і FAKT уваходзіць у сетку Axel Springer Global Reporter, пераказвае асноўныя тэзісы.

Дональд Трамп заявіў, што хоча ўдзельнічаць у выбары пераемніка кіраўніка дзяржавы або ўрада Ірана:

«Я буду мець вялікі ўплыў, інакш пагаднення не будзе, таму што мы не збіраемся праходзіць праз усё гэта зноў. Мы будзем працаваць з народам і рэжымам, каб пераканацца, што да ўлады прыйдзе той, хто здолее добра адбудаваць Іран, але без ядзернай зброі», — заявіў Трамп.

Ён таксама пахваліў ход сваёй ваеннай кампаніі і адхіліў трывогі некаторых рэспубліканцаў, што гэта можа нанесці ім палітычную шкоду перад прамежкавымі выбарамі ў лістападзе, напрыклад, праз рост цэн на бензін. Апытанне, апублікаванае Fox News у чацвер, паказала, што меркаванні выбаршчыкаў адносна вайны ў Іране падзеленыя. Папярэднія апытанні паказвалі, што яна непапулярная.

Аднак Трамп у гэта не верыць. 

«Людзям гэта вельмі падабаецца. Яны ў захапленні ад таго, што адбываецца, — сказаў ён. — Мы ліквідуем пагрозу Злучаным Штатам Амерыкі, вялікую пагрозу… і робім гэта так, як ніхто ніколі раней не бачыў».

Трамп ахарактарызаваў кампанію ЗША супраць Ірана як добра кантраляваную і аспрэчыў паведамленні аб вычарпанні запасаў зброі. Паводле яго слоў, іранцы зазналі ваеннае паражэнне:

«У іх няма флоту. У іх няма ВПС. У іх няма паветранай разведкі. Усё знішчана. Іх радыёлакацыйныя станцыі знішчаныя, іх армія скарацілася. У іх засталася толькі мужнасць», — сказаў Трамп.

Прэзідэнт таксама пахваліў міністра абароны Піта Хегсэта: «Вы бачыце, як добра Піт выконвае сваю працу, і вы бачыце, наколькі добрая армія. У нас фантастычная армія. Увесь свет гэта цяпер бачыць. Я пабудаваў армію падчас майго першага тэрміну і выкарыстоўваю яе падчас другога», — сказаў ён.

Трамп прадказаў, што іранскі ўрад не будзе апошнім, хто здасца ў ініцыяваным ім супрацьстаянні: «Куба таксама ўпадзе».

Ён пацвердзіў, што Злучаныя Штаты знаходзяцца ў кантакце з камуністычным кіраўніцтвам Кубы, паколькі нестабільнасць на востраве ўзмацняецца пасля выкрадання прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадура: «Ім патрэбна дапамога. Мы размаўляем з Кубай. Мы спынілі ўсю нафту, усе грошы… усё, што паступала з Венесуэлы, адзінай крыніцы. Яны хочуць заключыць здзелку. Праз 50 гадоў гэта будзе вішанькай на торце».

Хоць Іран па-ранейшаму знаходзіцца ў цэнтры ўвагі, Трамп заявіў, што ў хуткім часе будуць працягнутыя перамовы пра вайну ва Украіне. Ён зноў выказаў сваё расчараванне прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім: «Зяленскі мусіць нарэшце дзейнічаць і дамаўляцца. У іх няма картаў у руках. Цяпер у яго іх стала яшчэ менш».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула