Кляшчы — іх улюбёная ежа. Навукоўцы пацвердзілі эфектыўнасць гэтых птушак у змаганні з небяспечнымі насякомымі
Кляшчы сустракаюцца не толькі ў лясах і парках, але і на прысядзібных участках. Імі могуць заражацца сабакі і людзі. Аднак існуе хатняя птушка, якая актыўна палюе на кляшчоў з ранку да вечара. Яе эфектыўнасць пацвердзілі амерыканскія даследчыкі, піша польскае выданне Murator.pl.
Цацарка. Фота: freepik.com
Гаворка ідзе пра цацарку звычайную (Numida meleagris), якую называюць натуральным знішчальнікам кляшчоў. Навуковы эксперымент праводзіўся на газонах у прыгарадзе Лонг-Айленда (штат Нью-Ёрк) пад кіраўніцтвам Дэвіда Кэмерана Дафі. Даследчыкі параўноўвалі ўчасткі, куды птушкі мелі доступ, і тыя, якія ад іх ізалявалі спецыяльнымі агароджамі.
Вынікі паказалі, што на тэрыторыях без доступу цацарак кляшчы выяўляліся значна часцей. Там, дзе птушкі свабодна шукалі корм, колькасць кляшчоў была істотна меншай. Даследаванне таксама паказала зніжэнне колькасці іншых насякомых і членістаногіх, што можа паменшыць патрэбу ў хімічных сродках абароны.
Аднак навукоўцы адзначаюць і недахопы гэтых птушак:
- цацаркі добра знішчаюць дарослых кляшчоў, але невядома, наколькі эфектыўныя супраць лічынак і німфаў;
- яны вельмі шумныя, што можа ствараць праблемы ў жылых раёнах;
- патрабуюць агароджанай тэрыторыі, бо могуць стаць здабычай жывёл;
- іх адкіды могуць быць нязручнымі на газонах.
Даследчыкі падкрэсліваюць, што цацаркі могуць быць часткай комплекснай абароны ад кляшчоў разам з рэпелентамі і іншымі прафілактычнымі мерамі.
Цацарка паходзіць з Афрыкі на поўдзень ад Сахары. У Еўропу яна трапіла яшчэ ў часы Рымскай імперыі. У Рэчы Паспалітай яна вядомая з сярэднявечча, спачатку яе трымалі як дэкаратыўную птушку. Актыўнае развядзенне ў гаспадарках пачалося ў ХХ стагоддзі, але і сёння гэта нішавы занятак.
Птушка мае характэрнае шэра-чорнае апярэнне з белымі кропкамі, каляровую галаву і вельмі гучны голас. Цацаркі — статкавыя птушкі, таму лепш утрымліваць іх групамі.
Чытайце таксама:
У Мінску заўважылі першага шпака ФОТАФАКТ
Чаму муху так цяжка злавіць? Навукоўцы даюць аргументаваны адказ
У Бабруйску каля «Белшыны» пасялілася сям'я курапатак ФОТАФАКТ