БЕЛ Ł РУС

ЗША могуць часова зняць санкцыі з расійскай нафты

7.03.2026 / 10:19

Nashaniva.com

Такім чынам яны хочуць ліквідаваць дэфіцыт нафты на сусветным рынку, які ўзнік у выніку ўдараў ЗША і Ізраіля па Іране. Гэта стане фінансавым паратункам для Масквы, эканоміка якой сціскалася ад падзення нафтагазавых даходаў.

Фота: Hristo Rusev / Getty Images

Злучаныя Штаты Амерыкі разглядаюць варыянт зняцця санкцый з нафты краіны-агрэсара РФ. Пра гэта 6 сакавіка ў эфіры Fox Business заявіў міністр фінансаў ЗША Скот Бэсэнт, фрагмент інтэрв’ю якога апублікаваў Clash Report у сацыяльнай сетцы X.

Такім чынам, паводле слоў Бэсэнта, ЗША хочуць ліквідаваць дэфіцыт нафты, які з’явіўся пасля пачатку ваеннай аперацыі супраць Ірана. Ён таксама нагадаў, што ЗША аслабілі санкцыі супраць Індыі і дазволілі нафтаперапрацоўчым заводам краіны на працягу 30 дзён купляць расійскую нафту, «якая ўжо знаходзіцца ў моры».

«Мы можам зняць санкцыі і з іншай расійскай нафты. На вадзе знаходзяцца сотні мільёнаў барэляў нафты, на якія накладзены санкцыі, і, па сутнасці, зняўшы санкцыі, Міністэрства фінансаў можа стварыць дадатковую прапанову, і мы разглядаем такую магчымасць», — адзначыў ён.

Пра тое, пра якія менавіта санкцыі ідзе гаворка, Бэсэнт не ўдакладніў.

Зняццё санкцый стане фінансавым паратункам для Масквы, эканоміка якой сціскалася ад падзення нафтагазавых даходаў. Даходы ад экспарту папоўняць бюджэт, ільвіная доля якога траціцца на фінансаванне арміі, і знізяць пагрозу сацыяльнага выбуху.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула