БЕЛ Ł РУС

Аляксандр Рыбак заняў у нарвежскім адборы на «Еўрабачанне» другое месца

7.03.2026 / 10:53

Nashaniva.com

Ураджэнец Мінска ездзіў двойчы на галоўны еўрапейскі музычны конкурс.

Аляксандр Рыбак падчас выступу. Скрыншот відэа

Аляксандр Рыбак заняў у нарвежскім адборы на «Еўрабачанне». што прайшоў на мінулым тыдні, другое месца. 

Беларус выйшаў на сцэну са скрыпкай, якая ў 2009 годзе прынесла яму бліскучую перамогу ў Маскве.

Са сваёй песняй Rise ён атрымаў 66 балаў журы і 126 балаў тэлегледачоў, усяго 192 балы.

Выйграў нацыянальны адбор Ёнас Лоу з песняй Ya, ya, ya і 265 баламі (96+169).

Канкурсантка, што заняла трэцяе месца, набрала 127 балаў. 

Аляксандр выйграў конкурс «Еўрабачанне» ў Маскве ў 2009 годзе з песняй Fairytale, набраўшы тады балаў больш за любую іншую песню ў гісторыі конкурсу. У 2018‑м ён зноў удзельнічаў у конкурсе і заняў 15‑е месца.

Таксама Нарвегія выйгравала «Еўрабачанне» ў 1985 годзе. Тады перамаглі «BobbySocks» з песняй La det swinge.

У 1995 годзе перамаглі Secret Garden з «Накцюрнам». Песня, напэўна, з'яўляецца рэкардсменам сярод пераможцаў на конкурсе — там усяго 24 словы. Большую частку кампазіцыі займае ігра на скрыпцы Фіянуалы Шэры.

Сёлета «Еўрабачанне» пройдзе ў Аўстрыі (фінал 16 мая). Ірландыя, Ісландыя, Іспанія, Нідэрланды і Славенія вырашылі не ўдзельнічаць у знак пратэсту супраць удзелу Ізраіля.

Беларусь не ўдзельнічае ў конкурсе з 2021 года. Тады гурт «Галасы з места» былі выключаны з-за палітычнага падтэксту песні, а з 2022 года Беларусь і Расія выключаны з-за вайны ва Украіне.

Найвышэйшым дасягненнем Беларусі на «Еўрабачанні» з'яўляецца 6‑е месца Дзмітрыя Калдуна ў 2007 годзе.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула