БЕЛ Ł РУС

Заняпад брытанскіх кансерватараў. Ці знікне партыя Чэрчыля і Тэтчэр?

7.03.2026 / 11:56

Nashaniva.com

Кансерватыўная партыя Брытаніі, адна з найстарэйшых палітычных партый у свеце, імкліва губляе выбаршчыкаў і дэпутатаў. Пацярпеўшы найбуйнейшую паразу на выбарах у сваёй гісторыі, яна прайграе ў сацапытаннях правай партыі Найджэла Фараджа. Сацыёлагі прадказваюць ёй чарговы правал на найбліжэйшых муніцыпальных выбарах і канчатковы разгром на наступных парламенцкіх, піша Бі-бі-сі.

Маргарэт Тэтчэр. Фота: Hulton Archive / Getty Images

Уінстан Чэрчыль і Маргарэт Тэтчэр — сярод самых вядомых брытанскіх палітыкаў мінулага стагоддзя, пра спадчыну якіх спрачаюцца ва ўсім свеце. Абодва былі лідарамі Кансерватыўнай партыі, таксама вядомай як «партыя торы». Іх пераемнікі ў XXI стагоддзі, ад Борыса Джонсана да Ліз Трас, спрабавалі іх пераймаць. Але абодва хутка страцілі давер краіны і партыі, якая зараз змагаецца за выжыванне.

Ужо пяць дзейных і васямнаццаць былых парламентарыяў перайшлі ў Reform UK, партыю Найджэла Фараджа, галоўнага змагара з іміграцыяй у каралеўстве. Гэта азначае раскол правага флангу брытанскай палітыкі, дзе амаль 200 гадоў дамінавалі кансерватары. Сярод перабежчыкаў — некалькі былых міністраў, спічрайтар двух прэм'ераў і член Палаты лордаў. Што ж тычыцца шараговых членаў, то Фарадж сцвярджае, што ў яго партыі іх ужо ўдвая больш, чым у кансерватараў, хоць гэтыя лічбы не публікуюцца.

За хваляй перабежчыкаў стаіць імклівае падзенне кансерватараў у сацыяльных апытаннях. Год таму Reform UK абагнала іх у рэйтынгах, а на мясцовых выбарах у маі 2025‑га атрымала большасць у некалькіх гарадах і муніцыпальных радах, дзе торы не прайгравалі ніколі. Фарадж абвясціў сваю перамогу «пачаткам канца» для кансерватараў. З тых часоў яго партыя не губляла першага месца ў апытаннях.

Яшчэ шэсць гадоў таму кансерватары дамінавалі ў брытанскай палітыцы. Што пайшло не так?

Палітычнае і эканамічнае фіяска

Усе ўрады Брытаніі пасля канца Другой сусветнай вайны былі сфарміраваны альбо лейбарыстамі, альбо кансерватарамі (аднойчы ў кааліцыі з трэцяй партыяй). Іншыя партыі былі прадстаўлены ў парламенце, але не мелі большасці.

Асноўная прычына гэтага — брытанская версія мажарытарнай сістэмы галасавання. Пераможца вызначаецца ў кожнай асобнай акрузе, прычым заўсёды адноснай большасцю галасоў. Працэнт галасоў па краіне не ўплывае на колькасць месцаў у парламенце. Усё гэта звычайна перашкаджае поспеху новых партый, і ківаецца паміж кансерватарамі, правай партыяй па змаўчанні, і лейбарыстамі, галоўнай левай партыяй.

Чарговы перыяд кіравання кансерватараў пачаўся ў 2010 годзе, пасля доўгага дамінавання лейбарыстаў. Новым прэм'ер-міністрам стаў Дэвід Кэмеран, які называў сябе ліберальным кансерватарам. Ён урэзаў бюджэтныя расходы, але прытрымліваўся ліберальнага падыходу да сацыяльных пытанняў і, нягледзячы на абяцанне скараціць міграцыю, спрыяў яе росту. Калі б не брэксіт, ён бы запомніўся легалізацыяй аднаполых шлюбаў і ваеннай інтэрвенцыяй у Лівію.

Але ў 2016 годзе ініцыяваны Кэмеранам рэферэндум аб выхадзе з ЕС даў не той вынік, на які ён разлічваў, і прэм'ер сышоў у адстаўку. Наступныя тры гады прайшлі ва ўмовах бязлітаснай барацьбы ўнутры ўсё яшчэ кіруючай Кансерватыўнай партыі. Пераможцам з яе выйшаў Борыс Джонсан, які абяцаў давесці брэксіт да канца і павялічыць расходы на медыцыну і адукацыю, не павышаючы падаткаў.

У выніку торы атрымалі большасць на выбарах і каралеўства выйшла з ЕС. Але кавід зблытаў карты Джонсана. Адкрыцці пра чараду вечарынак, зладжаных у офісе прэм'ер-міністра ў разгар лакдаўна, сталі недаравальнай палітычнай памылкай.

Джонсана змяніла Ліз Трас, чые эканамічныя планы выклікалі паніку на фінансавым рынку, рэзкі рост працэнтаў па іпатэцы і абвал курсу фунта стэрлінгаў. Праз 50 дзён на пасадзе прэм'ера яна сышла ў адстаўку. Як і Джонсан, яна зрабіла недаравальную памылку — толькі ўжо эканамічную.

Пасля гэтага змена ўлады ў краіне стала пытаннем часу, і ў 2024 годзе Кансерватыўная партыя пацярпела самае буйное электаральнае паражэнне ў сваёй гісторыі. Новым лідарам партыі стала Кемі Бадэнак, якая займала пасады намесніка міністра і міністра ў кабінетах Джонсана і Трас адпаведна. Гэта ўскладняе яе спробы дыстанцыявацца ад іх памылак.

Хоць фармальна Бадэнак — лідар апазіцыі, практычна ніхто за межамі будынка парламента ў Уэстмінстэры такой яе не лічыць. У медыя і масавай свядомасці гэтую ролю грае Найджэл Фарадж, былы еўрадэпутат і самы гучны ў краіне голас за брэксіт.

Найджэл Фарадж. Фота: Thomas Krych / Anadolu via Getty Images

У пачатку 2026 года ў партыю да Фараджа перайшоў адзін з самых вядомых дэпутатаў-торы Роберт Джэнрык, які яшчэ нядаўна змагаўся за лідарства ў Кансерватыўнай партыі. Цяпер ён кажа, што яго былая партыя «зламала Брытанію».

Суэла Браверман, іншая вядомая перабежчыца да Фараджа, якая займала міністэрскую пасаду ў двух кансерватыўных урадах, таксама публічна адракаецца ад мінулага.

«Я лічу, што пры маім жыцці Кансерватыўную партыю нельга падпускаць да ўлады», — папярэджвае Браверман, якая служыла дэпутатам гэтай партыі больш за дзесяць гадоў.

Адзін палітычны саветнік кансерватараў апісаў іх стан як «Партыя-зомбі з лідарам-зомбі».

Закат двухпартыйнай сістэмы?

У лейбарысцкай партыі, якая зараз кіруе, справы ідуць яшчэ горш — Кір Стармер ужо стаў самым непапулярным прэм'ерам у сучаснай брытанскай гісторыі. У сацыяпытаннях лейбарысты пачынаюць саступаць не толькі Фараджу, але і кансерватарам.

Але гэта наўрад ці добрыя навіны для торы, таму што найбольш верагоднае тлумачэнне складаецца ў тым, што іх крызіс больш сур'ёзны і глыбокі, чым скандалы вакол Барыса Джонсана ці Ліз Трас. Усё больш выбаршчыкаў расчараваныя ў палітычным істэблішменце ў цэлым — і не вераць, што змена кансерватараў на лейбарыстаў ці наадварот можа нешта змяніць.

«У абедзвюх партый заканчваецца час, каб пазбегнуць не проста паражэння на наступных выбарах, але страты статусу галоўных партый, здольных фармаваць урад», — піша аглядальнік Financial Times Стывен Буш.

Да пачатку 2026 года на парадку дня застаюцца ўсе тыя ж праблемы, што і пры апошнім кансерватыўным урадзе.

Лейбарысты працягваюць павышаць падаткі, хоць абяцалі гэтага не рабіць. Жыццё даражэе, а цэны на нерухомасць застаюцца залімітавымі. Удвая менш брытанцаў змаглі купіць уласнае жыллё да 30 гадоў, чым у пакаленні іх бацькоў. Кожны дзень загалоўкі малююць карціну заняпаду і эканамічнай стагнацыі. Усё больш маладых пар кажа, што не могуць дазволіць сабе завесці дзяцей, таму што гэта занадта дорага. Сістэма аховы здароўя знаходзіцца ў перманентным крызісе з-за недахопу грошай, лекараў і медсясцёр.

«У мяне амаль няма эканамічных прычын галасаваць за Кансерватыўную партыю на наступных выбарах, таму што яна прапануе толькі павышэнне падаткаў і пагаршэнне дзяржаўных паслуг», — адзначае Генры Хіл, рэдактар кансерватыўнага блога ConservativeHome. Але тое ж самае могуць сказаць пра сваю партыю і многія лейбарысты.

Акрамя агульных для ўсёй краіны праблем, ёсць і важныя для асобных абшчын пытанні, якія аказваюць непрапарцыйнае ўздзеянне на нацыянальную палітыку. Зараз у парламенце ёсць пяць дэпутатаў, якіх нефармальна называюць «Незалежнымі за Газу». Яны выбіраліся ў першую чаргу на прапалестынскай платформе і перамаглі ў акругах са значнай доляй мусульманскага насельніцтва. Паводле некаторых прагнозаў, на наступных выбарах кандыдаты з такой платформай могуць адабраць у лейбарыстаў яшчэ больш за дзясятак месцаў.

І гэта не адзіная пагроза для ўрада Стармера. Усё часцей маладыя і паспяховыя брытанцы аддаюць перавагу Ліберал-дэмакратычнай партыі, якая пазіцыянуе сябе як партыя цэнтра, а выбаршчыкі левых поглядаў аддаюць перавагу Партыі зялёных.

Паказчыкам новай рэальнасці сталі дадатковыя выбары ў парламент, якія прайшлі ў канцы лютага ў Гортане і Дэнтане, адной з выбарчых акруг Вялікага Манчэстэра.

Апошнія 90 гадоў у гэтай акрузе дамінавалі лейбарысты, але ў гэты раз пераканаўчую перамогу атрымала кандыдат ад партыі зялёных, а на другім месцы быў прадстаўнік Reform UK. Лейбарысты занялі трэцяе месца, у той час як кансерватары набралі толькі 1,9% — горшы вынік партыі на давыбарах за ўсю яе гісторыю.

«Рэарганізацыя брытанскай палітыкі — гэта рэальнасць. Зялёныя і Reform разам атрымалі 69,4% галасоў у Гортане і Дэнтоне. Лейбарысты і кансерватары разам набралі толькі 27,3%. Традыцыйнае дамінаванне дзвюх партый прыйшло да канца», — падвёў вынік галасавання палітычны рэдактар газеты Times Стывен Суінфард.

«Зомбі» справа і злева

Абедзве галоўныя брытанскія партыі ператвараюцца ў зомбі, але віной таму хутчэй глабальныя ўзрушэнні, лічыць Філіп Колінз, былы спічрайтар Тоні Блэра.

«Гэта змена эпохі, канец эры аптымістычнай глабалізацыі, а не проста мясцовыя праблемы», — піша Колінз у левым часопісе Prospect.

Ён адзначае, што традыцыйныя партыі знаходзяцца ў глыбокім крызісе па ўсёй Еўропе. У нямецкай палітыцы ўсё большыя вага набіраюць ультраправая «Альтэрнатыва для Германіі» і левыя «Зялёныя». У Францыі лідар ультраправых Марын Лё Пэн лічыцца галоўным супернікам Эмануэля Макрона. У парламенце Нідэрландаў зараз прадстаўлены 15 партый, і ў іншых краінах правыя і левыя папулісты пагражаюць традыцыйным фаварытам.

Кір Стармер. Фота: AP Photo / Alberto Pezzali

Закат традыцыйных палітычных сіл — водгук таго, што адбываецца ў ЗША, лічыць аглядальнік кансерватыўнага выдання UnHerd Арыс Русінас. Нягледзячы на спецыфічныя ўнутраныя праблемы, брытанская і наогул еўрапейская палітыка застаюцца толькі правінцыйнымі варыянтамі амерыканскай, лічыць ён.

«Значная частка цяперашніх бед Еўропы — ад таго, што нашы лідары перарабілі грамадства па мадэлі, натхнёнай і адначасова навязанай амерыканскай гегемоніяй 1990-х, а цяпер аказаліся кінутымі, калі метраполія змяніла курс», — піша Русінас. Ён упэўнены, што крызіс двух галоўных партый на справе з'яўляецца крахам іх агульнай ідэалогіі, лібералізму.

У новай стратэгіі нацыянальнай бяспекі ЗША ставіцца мэта змагацца з каштоўнасцямі, якія дзесяцігоддзямі культываваліся ў Еўропе пры падтрымцы Амерыкі. У 2016 годзе прэзідэнт Барак Абама агітаваў брытанцаў заставацца ў Еўрасаюзе; зараз прэзідэнт Дональд Трамп знаходзіцца ў ідэалагічным канфлікце з ЕС.

Але галоўная прычына крызісу лібералізму ў ЗША і Еўропе — стаўленне выбаршчыкаў да масавай міграцыі, з якой ён неразрыўна звязаны. У Брытаніі за 14 гадоў кіравання Кансерватыўнай партыі яна дасягнула рэкордных паказчыкаў. Колькасць тых, хто прыбыў у краіну за 2022 год легальных мігрантаў дасягнула мільёна чалавек. Рэкорд па нелегальнай міграцыі, больш за 45 тыс чалавек за год, быў зафіксаваны ў тым жа 2022-м, пры кансерватарах, нягледзячы на ўсе іх намаганні па барацьбе з ёй.

Лейбарысты абяцалі абмежаваць легальную міграцыю і спыніць нелегальную, але простых рашэнняў для гэтага няма, і выбаршчыкі губляюць веру ў здольнасць дзвюх галоўных партый нешта змяніць.

Менавіта гэта і ляжыць у аснове папулярнасці Фараджа, чыя праграма будуецца вакол аднаго абяцання — цалкам спыніць міграцыю, нават легальную, па крайняй меры на першы час.

У кансерватараў ёсць шанец

Ёсць адзін сцэнарый, пры якім кансерватары могуць выйсці з крызісу і пазмагацца за парламенцкую большасць ужо на наступных выбарах, якія павінны прайсці ў 2029 годзе, мяркуе ўплывовы часопіс Economist. Гэта адбудзецца, калі эканоміка зноў будзе турбаваць брытанцаў больш, чым міграцыя.

Новая кіраўніца Кансерватыўнай партыі Кім Бадэнак. Фота: Alberto Pezzali / AP

Справа ў тым, што нават зараз, ва ўмовах калапсу кансерватараў у сацыяпытаннях у цэлым, яны лідзіруюць у адказе на пытанне «каму б вы даверылі кіраванне эканомікай». І гэта з улікам эканамічных памылак кансерватыўнага прэм'ер-міністра Ліз Трас.

Зараз давер у пытаннях эканомікі не трансфармуецца ў папулярнасць, таму што самым балючым пытаннем застаецца іміграцыя. Але «няма ніякай гарантыі, што іміграцыя і далей будзе вызначаць брытанскую палітыку. Цалкам магчыма, што на наступных выбарах галоўным пытаннем стане эканоміка», піша Economist. Да наступных выбараў аб'ём легальнай міграцыі можа моцна ўпасці, таму што пачнуць дзейнічаць уведзеныя ў 2023‑2025 гадах меры па яе абмежаванні.

Акрамя эканомікі, у кансерватараў ёсць і іншая перавага — выбарчая сістэма.

Reform Фараджа — не першая брытанская партыя, якая пагражала зламаць дуаполію лейбарыстаў і торы. У 1980‑х былыя лейбарысты заснавалі Сацыял-дэмакратычную партыю (СДП), і яна хутка ўзляцела ў сацыяпытаннях. На сваіх першых выбарах у 1983 годзе альянс СДП і яе саюзнікі набралі больш за 7,8 млн галасоў (больш за 25%), толькі нямногім саступіўшы лейбарыстам (8,5 млн, або 27%). Пры гэтым партыя атрымала толькі 23 месцы ў парламенце з 650, а лейбарысты — 209.

Аднак мэта Фараджа — не пацясніць торы, а замяніць іх. І для гэтага таксама ёсць прэцэдэнт. Калі торы дамінавалі на правым флангу брытанскай палітыкі апошнія 200 гадоў, то лейбарысты сталі галоўнай левай партыяй у 1920-х. Да іх гэтую ролю грала Ліберальная партыя — але яна перажыла востры ідэалагічны крызіс падчас Першай сусветнай і не змагла ад яго ачуняць.

Стаўка Найджэла Фараджа — на тое, што масавая міграцыя нанесла такую ж шкоду кансерватарам, і месца галоўнай правай партыі свабодна. Але нават калі да наступных выбараў асноўныя трэнды ў брытанскай палітыцы будуць спрыяць яго парадку дня, ва ўсё могуць ўмяшацца міжнародныя падзеі.

Сур'ёзныя крызісы ў брытанскім жыцці апошніх гадоў зараджаліся за яе межамі. Хвалі нелегальнай міграцыі пачыналіся з канфліктаў у Афганістане, Сірыі, Судане і Эрытрэі. Расійскае ўварванне ва Украіну прывяло да рэзкага скачка цэн на ацяпленне і электрычнасць. Вайна ў Газе раздзяліла брытанскае грамадства і прывяла да першай у сучаснай брытанскай гісторыі атакі на сінагогу. Тарыфы Трампа могуць істотна знізіць эканамічны рост каралеўства.

У сітуацыі новых і непрадбачаных выклікаў Фарадж, які асацыюецца ў выбаршчыкаў выключна з абяцаннем спыніць іміграцыю, можа саступаць традыцыйным партыям з іх досведам ва ўрадзе ў моманты іншых глабальных крызісаў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула