Хто стаіць за самымі вядомымі малюнкамі Мінска
Многія мінчукі штодня праходзяць каля работ Аляксандра Благія і нават не ведаюць пра гэта.
Тут і далей фота з сацсетак мастака
Муралы гэтага мастака з’яўляюцца ў Мінску на фасадах дамоў, ілюстрацыі — у кавярнях і на кававых кубках, а некаторыя малюнкі мінчукі нават адмыслова шукаюць у дварах.
За гэтымі работамі стаіць Аляксандр Благій, вядомы пад творчымі імёнамі TakTak ці Kontra.
Шлях да гарадскіх муралаў
Сам мастак родам з-пад Брэста, але ўжо даўно жыве і працуе ў Мінску. Ён скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «архітэктура» і атрымаў ступень магістра.
Маляваць на сценах ён пачаў яшчэ ў пачатку 2000-х. Спачатку гэта былі эксперыменты з літарамі, колерамі і формамі, але паступова вулічнае мастацтва ператварылася ў прафесію.
Сёння ў яго партфоліа — дзясяткі муралаў і сотні ілюстрацый, якія можна сустрэць па ўсёй Беларусі. Толькі ў Мінску налічваецца каля двух дзясяткаў вялікіх сценапісаў. Яго работы ўпрыгожваюць вуліцы і інтэр’еры і іншых беларускіх гарадоў — Брэста, Віцебска, Гродна, Магілёва, Гомеля, Навагрудка, Баранавічаў, Ліды, Барысава, Маладзечна, Бабруйска, Салігорска, Браслава, Вілейкі і многіх іншых.
Ёсць у Аляксандра праекты і за мяжой — у Алматы, Маскве, Рызе, Вільні, Гданьску, Беластоку, Хэлмне і Нальчыку.
Многія з іх нагадваюць старонкі з ілюстраваных кніг: яркія персанажы, шмат дэталяў і лёгкая казачная атмасфера.
За гады працы Аляксандр неаднаразова ўдзельнічаў у беларускіх і міжнародных арт-праектах, фестывалях і конкурсах, прысвечаных дызайну і вулічнаму мастацтву.
Сярод іх — Must Act, Meeting of Styles, Write4Gold, Folk on the Street, Orestad Street Art Competition, Dni Street-Artu, Ad.nak, Gravity, VulicaBrasil, Minsk Week of Design, WESTSIDE connection, EASA, 9hills і іншыя.
Каты, якіх шукаюць па ўсім горадзе
Адна з самых вядомых серый мастака — каты на трансфарматарных будках Мінска.
На першы погляд гэта простыя ілюстрацыі, але ў кожнага ката свой характар: адзін глядзіць трохі насмешліва, другі — сур’ёзна, быццам вартавы двара.
У Threads людзі ў каментарыях пішуць, што выпадкова знаходзяць такія малюнкі і адразу пазнаюць руку мастака.
«Я ўжо трох катоў знайшоў у розных раёнах Мінска», — дзеліцца адзін з карыстальнікаў.
«У нас каля дома такі ёсць! Дзеці яго страшна любяць», — адказваюць у іншым каментары.
Дзе яшчэ бачым яго малюнкі
Многія мінчукі бачылі працы Аляксандра, нават не падазраючы пра гэта. Яго графіка ўпрыгожвае сцены кавярняў і рэстаранаў — напрыклад, у сетках піцэрыі Tempo і рэстаранаў «Васількі», а таксама ў прасторы «Параграф 45» і кавярнях Lavazza.
Яго ілюстрацыі можна пабачыць на сценах, у меню, на кубках і ўпакоўках.
Часам яго малюнкі становяцца часткай цэлых дызайнерскіх калекцый. Напрыклад, у Mark Formelle выходзіла капсульная лінейка адзення з яго арнаментамі — іх можна было ўбачыць на майках, світшотах і шкарпэтках.
Мастак таксама працаваў над афармленнем крамы «Афістон» у гандлёвым цэнтры Galleria Minsk, а таксама над візуальнымі элементамі офісаў кампаній А-100 і Hoster.
Ад муралаў да 90‑тоннага БелАЗа
У 2019 годзе мастак удзельнічаў у незвычайным праекце: размаляваў кар’ерны самазвал БелАЗ-75585 вагой каля 90 тон. Праект зрабілі разам з Wargaming: велізарную машыну пакрылі яркім геаметрычным узорам, які нагадвае камуфляж з камп’ютарных гульняў.
У выніку звычайны прамысловы гігант ператварыўся ў сапраўдны арт-аб'ект.