БЕЛ Ł РУС

Журналістка «Спутніка» звяртаецца да Лукашэнкі: яе сын паступіў у Вышэйшую школу эканомікі ў Маскве, а дома на яго завялі крыміналку

7.03.2026 / 23:49

Аўгіння Якімук

«Няўжо гэта і ёсць тая самая адзіная саюзная прастора, пра якую мы марылі?», — наракае Іна Грышук.

Іна Грышук. Скрыншот відэа

Напярэдадні 8 сакавіка журналістка беларускага «Спутніка» Іна Грышук вырашыла звярнуцца па дапамогу да Аляксандра Лукашэнкі і іншых мужчын з «высокіх кабінетаў». Яна запісала відэазварот, які апублікавала ў сацсетках. Кажа, не трэба ёй віншаванняў — просіць выратаваць сына.

Рэч у тым, што сын Іны атрымлівае вышэйшую адукацыю ў Расіі. Ён з'яўляецца першакурснікам Вышэйшай школы эканомікі, вучыцца на праграме «Інфарматыка і вылічальная тэхніка».

— Такі выбар не выпадковы, ён з дзяцінства цікавіўся інжынернымі навукамі, марыў паступіць у найлепшую ВНУ. І хацеў асвойваць і ўкараняць у жыццё перадавыя тэхналогіі.

Іна падкрэслівае: калі надышоў час выбіраць ВНУ, яны прынцыпова не разглядалі варыянты ў заходніх краінах — абралі «брацкую» Расію. Не забывае падзякаваць Лукашэнку за тое, што беларусы нараўне з расіянамі могуць вучыцца ў расійскіх ВНУ.

Кажа, што, атрымаўшы адукацыю ў такой навучальнай установе яе сын зможа прынесці велічэзную карысць Беларусі.

Але сын Іны трапіў у пастку: калі ў Расіі ён перспектыўны студэнт, то на радзіме ён без пяці хвілін крымінальнік. Бо ў Беларусі на яго заводзяць крымінальную справу за ўхіленне ад службы ў войску.

Журналістка засмучана тым, што фактычна сына прымушаюць кінуць вучобу на першым курсе: для беларусаў, якія вучацца ў расійскіх ВНУ, адтэрміноўка ад прызыву не прадугледжана.

— Атрымоўваецца парадокс: нашыя прэзідэнты ствараюць агульную эканамічную, культурную, адукацыйную прастору, а на паперы па некаторых пытаннях паміж Мінскам і Масквой узнікае сцяна.

Кажа Іна і пра тое, што, калі беларускія дзеці едуць вучыцца ў Еўропу, бацькі думаюць, як аберагчы іх ад заходняга ўплыву. А вось калі ў Расію — дык там сяброўская ідэалогія. Але ў другім выпадку студэнты рызыкуюць атрымаць крымінальны пераслед.

— І ўзнікае пытанне: няўжо гэта і ёсць тая самая адзіная прастора, пра якую мы марылі? Няўжо справядліва ставіць на дзіцяці таўро судзімасці толькі за тое, што ён хоча вучыцца ў Расіі і цягнецца да ведаў?

Іна звяртаецца да Лукашэнкі як да бацькі:

— Вы заўсёды казалі, што за кожнага беларуса трэба змагацца. Дапамажыце, калі ласка.

Жанчына запэўнівае, што сын яе гатовы служыць, вось толькі не зараз.

— Не хочацца, каб нашы дзеці трапілі ў рукі заходняй прапаганды, якая толькі і хоча папракнуць, маўляў, у саюзе з Расіяй будучыні няма, там толькі суды.

Заканчвае відэа яна побач з паштовай скрыняй. Іна трымае ў руках канверт з лістом да Лукашэнкі і кажа, што найлепшым падарункам для беларускіх маці стануць не цюльпаны, а ўпэўненасць у тым, што беларускія студэнты ў Расіі не стануць ізгоямі і ўхілістамі на радзіме.

Чытайце таксама:

Чэмпіён Беларусі і Польшчы трапіў за краты праз тое, што збег ад службы ў беларускім войску. А цяпер увогуле знік

У Жодзіне 23‑гадовы вайсковец скончыў жыццё самагубствам

Былы афіцэр унутраных войск: Я быў камандзірам групы, якая перасаджвала бульбу ў рэзідэнцыі Лукашэнкі

Каментары да артыкула