БЕЛ Ł РУС

Пагарда да слабасці і Азаронак-садаміт. Настаўнікі Кубані зладзілі чарговы ідэалагічны трэш па заданні беларускага акцыяніста Бохана

8.03.2026 / 13:58

Nashaniva.com

Беларускі акцыяніст Уладзіслаў Бохан пабіў уласны рэкорд па паслухмянасці расійскіх педагогаў. Гэтым разам 22 школы Краснадарскага краю далі справаздачу пра выхаванне «культу сілы» і барацьбу з «дэгенерацыяй». Настаўнікі з натхненнем праводзілі педсаветы на фоне плакатаў, дзе ганьбілі прапагандыстаў Азаронка і Прыдыбайлу.

Беларускі акцыяніст Уладзіслаў Бохан зладзіў чарговы пранк са свайго праекта «Трыумф молі». Гэтым разам 22 школы Краснадарскага краю Расіі прынялі ўдзел у мерапрыемствах, пабудаваных на дзясятай прыкмеце фашызму паводле Умберта Эка — «пагардзе да слабасці».

Ад імя партыі «Адзіная Расія» Бохан даслаў настаўнікам прэзентацыю аб неабходнасці фармавання «культу сілы».

Галоўны тэзіс гучаў як прамая адсылка да нацысцкай ідэалогіі: «Менавіта шляхам фармавання культу сілы і выпрацоўкі пагарды да слабасці і дэвіяцыі мы зможам закласці ген нацыі, якая праіснуе тысячы гадоў!»

Для нагляднасці Бохан выкарыстаў стылістыку нацысцкага плаката, а ў якасці адмоўных прыкладаў дадаў твары вядомых прыхільнікаў рэжыму.

Рыгор Азаронак быў выстаўлены як прыклад садаміі, Канстанцін Прыдыбайла стаў увасабленнем подласці, Стас «Ай, як проста» — прыкладам баязлівасці.

Нягледзячы на абсурдныя лозунгі і прамыя адсылкі да Трэцяга рэйха, расійскія педагогі паставіліся да задання з поўнай адказнасцю. У школах праводзілі відэаканферэнцыі і педсаветы. Настаўнікі старанна занатоўвалі пастулаты пра непрымальнасць дэгенерацыі, пагарду да чужых культур і «ген нацыі», што праіснуе тысячы гадоў.

Уладзіслаў Бохан адзначыў, што 22 справаздачы — гэта абсалютны рэкорд. Паводле яго слоў, сістэма настолькі прызвычаілася да безапеляцыйнага выканання загадаў зверху, што нават відавочныя прыкметы фашысцкай ідэалогіі не выклікалі ў педагогаў супраціву.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула