БЕЛ Ł РУС

Двум каталіцкім святарам не працягнулі дазвол на служэнне ў Беларусі. Без пастыраў засталіся шэсць парафій у трох раёнах

8.03.2026 / 21:40

Nashaniva.com

Беларусь вымушаныя пакінуць два польскія святары, якія шмат гадоў служылі ў Брэсцкай вобласці. Як паведаміў праз дыяцэзійны сайт біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка ў сваім звароце да вернікаў, Пінская дыяцэзія не атрымала ад дзяржаўных уладаў узгаднення на далейшае служэнне святароў. 8 сакавіка з імі развіталіся ў парафіях, піша Katolik.life.

Ксяндзы Адам Страчынскі і Павел Кручак

Не атрымалі дазволу на далейшую працу ксёндз Адам Страчынскі, які на працягу 11 гадоў быў душпастырам у Івацэвічах, Косаве і Вольцы, і ксёндз Павел Кручак, які 13 гадоў служыў у Іванаве, Драгічыне і Бездзежы. Такім чынам, адразу шэсць парафій у трох раёнах (Драгічынскім, Іванаўскім і Івацэвіцкім) засталіся без святароў.

Ардынарый Антоні Дзям'янка адзначыў, што ў такіх умовах дыяцэзіі вельмі складана забяспечыць усе парафіяльныя супольнасці рэгулярнай душпастырскай апекай.

«Сёння мы перажываем такі перыяд, калі не хапае мясцовых душпастыраў. Молімся аб пакліканнях да святарскага служэння і падтрымліваем нашых семінарыстаў. Шматгадовы пробашч ад’язджае з вашых парафій не па сваёй волі. Гэта боль для ўсіх нас. Але мы — біскупы і святары — будзем дапамагаць і падтрымліваць вас», — звярнуўся іерарх да вернікаў шасці парафій, якія засталіся без пастыраў.

Генеральны вікарый дыяцэзіі біскуп Андрэй Зноска таксама выказаўся на гэту тэму. На сваёй старонцы ён распавёў, што падчас візіту ў Гомель падзяліўся перажываннямі, звязанымі з выездам з Пінскай дыяцэзіі двух святароў, якім не быў узгоднены дазвол на рэлігійную дзейнасць:

«Прымусовы ад'езд ксяндза Паўла з Іванава і ксяндза Адама з Івацэвічаў — вялікая бяда для нашай дыяцэзіі, бо асірацелі і засталіся без пастырскай апекі вернікі аж трох раёнаў, і што далей рабіць — не ведаю… Толькі малітва супольнасці Касцёла суцяшае ў смутку і дадае надзеі».

У Пінскай дыяцэзіі з-за вострага недахопу святароў многія ксяндзы вымушаны абслугоўваць адразу некалькі парафій у розных, часта аддаленых населеных пунктах.

Адмова ў дазволе на працяг служэння двум святарам адбылася на фоне актыўнага супрацоўніцтва кіраўніцтва дыяцэзіі з мясцовымі дзяржаўнымі ўладамі, удзелу духавенства ў праўладных мерапрыемствах, нават з нагоды «Дня народнага адзінства» 17 верасня — далучэння Заходняй Беларусі да БССР, што мела катастрафічныя наступствы для Каталіцкай царквы ў гэтым рэгіёне.

Чытайце таксама:

У Мінску аб'явілі пра планы стварыць сквер на былых каталіцкіх могілках. Але там ужо даўно ідзе будаўніцтва

«Вы падаеце ўсім нам прыклад». Арцыбіскуп Станеўскі павіншаваў Віктара Хрэніна з 23 лютага

У Астравецкім раёне школьны ўрок да Дня роднай мовы правёў ксёндз

Каталіцкі біскуп максімальна ўзнёсла ўславіў «Год беларускай жанчыны»

Памёр біскуп Казімір Велікаселец — найстарэйшы каталіцкі іерарх Беларусі

Каментары да артыкула