БЕЛ Ł РУС

Як адшукаць продкаў і скласці свой радавод?

23.03.2026 / 14:54

Партнёрскі матэрыял

Міра Нікановіч

Ці думалі вы пра тое, каб стварыць уласны радавод? Даведацца, хто быў у вашай сям'і перад вамі, чым яны жылі, праз што праходзілі? Разабраліся, як гэта зрабіць.

Фота: сацсеткі

Расказвае Ігар Станкевіч, стваральнік курса «Радавод» у адукацыйным хабе «Нацыя лідараў» і аўтар кнігі «Гісторыя роду Каменскіх».

Ужо з 23 сакавіка можна запісацца на бясплатны анлайн-курс «Радавод». Рэгістрацыя працягнецца да 5 красавіка, а заняткі пачнуцца 6 красавіка. Курс разлічаны на 2 месяцы.

«У мяне ёсць два рады продкаў, дзе генеалагічнае дрэва пабудаванае да канца 16 — пачатку 17 стагоддзя»

З чаго для вас пачалася тэма генеалогіі?

Усё пачалося амаль 30 гадоў таму з фотаальбома са старымі здымкамі, самыя першыя з іх належалі да канца 19 стагоддзя. Гэта быў сямейны альбом, і мне стала цікава, чаму тыя здымкі знаходзяцца ў маёй сям’і, што гэта за людзі. 

Ігар Станкевіч. Фота: архіў суразмоўцы

Маці нічога не магла патлумачыць, але мы паспрабавалі пра гэта распытаць сваячку, якой было далёка за 70 гадоў. Яна шмат нам распавяла, і тады я ўпершыню намаляваў сваё генеалагічнае дрэва. Потым працягнуў пошукі, прыйшоў час архіваў — у 2015‑м я атрымаў адтуль шмат дакументаў, і ў маіх пошуках быў проста квантавы скачок. 

Пакуль уцягваўся ў гэтую справу, даведаўся шмат цікавага не толькі пра лёсы сваякоў, але і пра гістарычныя падзеі на той тэрыторыі, дзе жылі мае продкі, і ў цэлым пра гісторыю Беларусі. Паралельна знаходзіў новых сваякоў, пашыралася іх геаграфія. Сёння ў мяне сваякі не толькі ў Беларусі, але і ў Польшчы, Германіі, Аўстраліі, Украіне, Расіі. Шмат з кім я трымаю кантакт. 

З цягам часу я пачаў пісаць тэксты пра сваякоў і публікаваць іх у сеціве. Праз гэта мяне знаходзілі іншыя сваякі, з якімі кантакт мог разарвацца 30‑40 гадоў таму. 

А нядаўна мне ў фэйсбуку напісаў чалавек, сказаў, што ў яго для мяне неспадзяванка, і пачаў выкладаць здымкі: гляджу на іх і разумею, што на здымках мае сваякі. Аказалася, што гэты чалавек, які мне не сваяк, знайшоў тыя здымкі на сметніцы. Уладальнік тых здымкаў памёр яшчэ ў 1981-м, і тут яны трапілі да мяне.

На сёння да якога калена зробленае тое генеалагічнае дрэва?

Чым глыбей сягаеш у стагоддзі, тым больш радоў паўстае. Глядзіце: у нас з вамі двое бацькоў, у тых бацькоў па двое сваіх бацькоў, то-бок ужо чатыры чалавекі. У наступным пакаленні іх будзе восем, далей — яшчэ болей. Таму складана казаць, што ўсе рады можна даследаваць да пэўнага стагоддзя.

У мяне ёсць два рады, дзе дрэва пабудаванае да канца 16 — пачатку 17 стагоддзя. У шмат якіх радоў дрэва зробленае да канца 18 — сярэдзіны 19-га, а ёсць рады, дзе я не магу перакрочыць бар’ер на мяжы 19 і 20 стагоддзяў. 

У самых старых пакаленнях максімум, што вядома, — гэта імёны. Крыху пазней ёсць пакаленні, дзе вядомыя біяграфічныя звесткі: хто дзе жыў, куды пераехаў, якую спадчыну атрымаў.

Фота: сацсеткі

Ёсць шмат цікавага. Напрыклад, я па сутнасці пачынаў свае пошукі з роду Каменскіх. З 1720‑га яны некалькі стагоддзяў жылі ў Аршанскім павеце, жаніліся там. У Расійскім гістарычным архіве знайшоў інфармацыю, што на мяжы 19 і 20 стагоддзяў яны былі пазначаныя як шляхта, удзельнічалі ў гарадскім жыцці, былі выбаршчыкамі на выбарах у расійскую дзяржаўную думу пасля рэвалюцыі 1905 года. Гэта такая дробная шляхта, якая жыла пад Оршай, мела хутар. Па сямейных паданнях, ім належала частка лесу на беразе Дняпра, яны хадзілі туды паляваць на птушак і дробных жывёл.

«Сёння можна даследаваць гісторыю сваёй сям’і, нават не выходзячы з хаты»

Вы шукалі інфармацыю ў расійскіх, польскіх і беларускіх архівах. А што рабіць тым беларусам, хто таксама хацеў бы заняцца генеалогіяй, але не можа прыехаць у архівы на тэрыторыі Беларусі і Расіі?

Вельмі добрае пытанне. Дзякуючы развіццю тэхналогій і валанцёрскай працы шматлікіх людзей, у сеціве перыядычна з’яўляюцца алічбаваныя матэрыялы з архіваў. Іх можна вывучаць, і такіх крыніц усё болей, таму сёння можна даследаваць гісторыю сваёй сям’і нават не выходзячы з хаты.

А калі нечага няма ў сеціве, можна паспрабаваць напісаць у архіў па электроннай пошце і атрымаць дакумент, які цябе цікавіць. Я ў Беларусі не быў больш за 5 гадоў, але ўсё роўна атрымліваў дакументы з некаторых архіваў. Мне дапамагалі людзі, бо для гэтага трэба замовіць доступ да дакументаў і аплаціць працу, але, тым не менш, усё гэта вырашальна.

Ёсць і шмат іншых крыніц інфармацыі, акрамя архіваў, напрыклад, кантакты са сваякамі.

Цяпер шмат у каго атрымліваецца знаходзіць сваякоў праз ДНК-тэсты — платформы для іх злучаюць карыстальнікаў з падабенствам у генах. Што думаеце пра гэта?

Хачу папярэдзіць: калі хтосьці разлічвае, што такія тэсты дадуць адказ, кім былі продкі па нацыянальнасці, то гэта ілюзія, за выключэннем, можа, яўрэйскага паходжання. Але тыя тэсты пакажуць, гены з якіх тэрыторый ёсць у вашым геноме. Таксама тэсты ДНК могуць дапамагаць знаходзіць сваякоў, і ў мяне так атрымалася выйсці на трох сваячак. 

Адна жанчына мне пісала, што мы з ёй — сваякі па роду Каменскіх, я напачатку ставіўся да гэтага скептычна. А потым яна мне даслала дакумент пачатку 18‑га стагоддзя пра тое, што мой продак Ян Каменскі ажаніўся з Эльжбетай Гурскай, і Гурскія — якраз продкі той жанчыны.

То-бок праз тэсты ДНК можна не проста знайсці новых сваякоў. Магчыма, некаторыя з іх цікавяцца генеалогіяй, даведаліся ўжо больш за вас і гатовыя з вамі падзяліцца інфармацыяй. Фішка такіх пошукаў не толькі ў тым, каб знайсці нешта для сябе, а і каб падзяліцца з іншымі. І калі ты дзелішся, а яны кажуць «Як жа цікава!» — гэта момант асалоды.

«Магчыма, і сваю біяграфію трэба занатаваць»

З чаго пачынаць пошукі?

Калі ў вас ёсць старэйшыя сваякі, трэба бегчы да іх, бо жыццё такое — сёння чалавек ёсць, а заўтра яго няма. Гэта носьбіты той інфармацыі, якую вы, хутчэй за ўсё, не знойдзеце ні ў якіх архівах. У архівах могуць быць факты: калі нарадзіўся, дзе вучыўся, дзе і кім працаваў. Але старэйшыя сваякі — носьбіты эмацыйных успамінаў, яны могуць распавесці пра ўражанні ад чалавека, яго звычкі, якія нідзе не зафіксаваныя.

Да мяне на курс прыходзяць людзі, якія кажуць — маўляў, бабуля развялася з дзедам, і больш мы пра дзедаву радню нічога не ведаем. Гэта не тупік. Магло быць так, што з дзедам бабуля разарвала кантакт і яго лёс невядомы, але пры гэтым мог быць кантакт з дзедавымі сваякамі. Калі глядзець на сям’ю як сістэму, то ў гэтай сістэме можна шмат чаго знайсці ў нечаканых месцах.

Магчыма, і сваю біяграфію трэба занатаваць. Калісьці гэта таксама стане гісторыяй, калі яшчэ не стала.

У кожнага з нас дома знаходзіцца сямейны архіў — розныя дакументы і здымкі. Трэба з ім разабрацца, паглядзець, што там ёсць. Я ў свой час прыязджаў да цёткі і выцягваў з яе архіва лісты 50‑х гадоў на польскай мове, і ў адным з іх была візітка дваюраднага брата маёй бабулі з Польшчы. Кантакт з гэтай часткай сваякоў быў страчаны яшчэ ў сярэдзіне 70-х.

На той візітцы быў пазначаны хатні адрас. Праз шмат гадоў па тым адрасе я знайшоў сваякоў і мы з імі ўсталявалі сувязь, яны вельмі ўзбагацілі маю сямейную гісторыю.

Ужо ў гэты час можна шукаць інфармацыю па розных базах у сеціве. Цяпер ёсць багата баз з інфармацыяй пра людзей па розных кірунках, розных мясцовасцях, войнах, рэпрэсіях. Ёсць, напрыклад, сайт Family Search, які стварылі амерыканскія мармоны, яны збіралі метрычныя кнігі з розных архіваў, у тым ліку беларускіх. На жаль, беларускіх кніг там вельмі мала, але можна на нешта натрапіць.

Цяпер гэтым шмат хто цікавіцца. Адзiн мой знаёмы кажа — маўляў, у цябе продкі са шляхты, табе прасцей шукаць, а ў мяне — з сялянаў. Прозвішчы сялянаў не пазначаліся ў метрычных кнігах, бо ў сялян прозвішчаў і не было пэўны час, таму тут складана.

Той знаёмы выдаткаваў на тое, каб разабрацца, багата часу і грошай, пачаў рэканструяваць сямейныя сувязі цэлага рэгіёна. Ён зрабіў цэлы сайт, дзе назбіраў шмат матэрыялаў па той вёсцы на Ушаччыне. 

Генеалогія — складаная справа, якая патрабуе ўпартасці. Што важна разумець, каб не здацца ў чаканні вынікаў?

Тут галоўнае — пачаць, бо мы не ведаем, колькі інфармацыі мы знойдзем. На курсе па генеалогіі, які я стварыў, мы пачынаем з размоў са сваякамі. І нават на гэтым этапе ўжо аказваецца, што мы тое-сёе не ведаем ні пра бацькоў, ні пра дзядоў.

Гэта ўжо вельмі натхняе, і за гэтым далёка хадзіць не трэба. Нават калі мы знаходзімся ў эміграцыі, можна пазваніць бацькам, бабулі ці дзядулю, параспытваць пра жыццё: а як там што было, як звалі тваіх бацькоў, пакажыце здымкі. І акажацца, што мы перанасычаныя генеалагічнай інфармацыяй, яе шмат. Проста трэба пачаць яе збіраць, а потым і сістэматызоўваць.

А як бы вы адказалі на пытанне, навошта ўвогуле патрэбная генеалогія?

Можна па-рознаму да гэтага ставіцца, але ёсць такая з’ява, як падтрымка роду. Я на ўласным досведзе разумею, што гэта такое. Калі ты бачыш, як праз лёс тваіх продкаў прайшла хваля нейкіх важных падзей, якія ў пэўнай ступені змянілі іх жыццё, можна прасачыць, як яны перажылі ці не перажылі тыя падзеі. Табе гэта дае разуменне, што, хаця на тваё жыццё таксама выпалі пэўныя выпрабаванні, калі твае продкі такое перажылі, і ты гэта можаш.

У гісторыі роду можна знайсці розныя рэчы, і гэта не толькі тое, што траўмуе — гвалт, забойствы. Можна знайсці і нешта цікавае, чым можна ганарыцца. Я даведаўся, што мой сваяк з Оршы быў у свой час малодшым афіцэрам царскай арміі, потым польскім афіцэрам, а потым і скульптарам, і яго скульптуры па сёння ёсць у Варшаве.

Ёсць і больш блізкае, напрыклад, пра майго бацьку. Даведаўся, што ён, просты хлопчык, вучыўся ўсё жыццё і дасягнуў высокіх вяршыняў. Яшчэ, калі ў маладога чалавека паўстае пытанне, чым яму займацца ў жыцці, можа быць варта паглядзець, чым займаліся яго бацькі, дзяды.

Ды і проста, калі мы даведаемся нешта новае, мозг нас заўсёды адорыць порцыяй дафаміну. А калі мы яшчэ і падзелімся той інфармацыяй са сваякамі і разам з імі ўсцешымся, таго дафаміну будзе яшчэ больш. 

Кожны можа знайсці ўласны адказ на тое, навошта гэтым займацца. Але, мне падаецца, гэта такое цікавае хобі, якое дазваляе табе пашыраць кругагляд і атрымліваць падтрымку роду — не толькі людзей, якія памерлі, але і тых, хто жывы.

Каб разабрацца ў нюансах генеалогіі, запісвайцеся на анлайн-курс «Радавод». Яго праграма ахоплівае ўсе асноўныя метады пошуку продкаў: працу са сваякамі, сямейным архівам, палявыя даследаванні, працу ў сеціве і ў грамадскіх архівах. Вы даведаецеся, як намаляваць уласнае генеалагічнае дрэва і ажывіць успаміны пра мінулае, а праз гэта і адчуць сувязь са сваімі продкамі.

Курс распачнецца 6 красавіка і будзе доўжыцца 2 месяцы.

Чытайце таксама:

Памёр прафесар Георгій Галенчанка — гісторык, які вярнуў Скарыну сапраўднае імя

На польскім аўкцыёне за 700 еўра прадаюць старадаўнюю кнігу з беларускай парафіі. Як такія рарытэты могуць вывозіць за мяжу?

Ціхан Чарнякевіч: Рэальнасць стала такой абсурднай, што хочацца запісаць яе, пакуль не знікла

Каментары да артыкула