Следчы камітэт Беларусі набыў сувенірныя гадзіннікі па 800 даляраў
Цэнтральны апарат Следчага камітэту Беларусі замовіў у канцы 2025 году 20 мужчынскіх наручных механічных гадзіннікаў у падарункавай упакоўцы за 48 480 рублёў (каля 16 тысяч даляраў), ці 2424 рублі за адзінку, што складае прыкладна 800 даляраў, піша «Свабода».
Гэта вынікае з дадзеных тэндару, праведзенага на сайце дзяржаўных закупаў. Крыніца фінансавання — дзяржаўны бюджэт. У дакумэнтах закупкі не ўдакладняецца, каму прызначаныя гэтыя каштоўныя гадзіннікі.
Пры гэтым іх цана амаль роўная сярэдняму заробку ў Беларусі за 2025 год, які, згодна са звесткамі Дзяржаўнага статыстычнага камітэту, складаў 2693 рублі.
Дамову на выраб такіх гадзіннікаў паводле адмысловай замовы Следчы камітэт падпісаў з Менскім гадзіннікавым заводам «Луч» 13 лістапада, а паставіць іх мелі да 22 снежня 2025 году.
У заяўцы на закупку пазначана, што гадзіннікі павінны быць мужчынскія з механізмам «Луч 2616М». У дужках гэтая мадэль расшыфраваная як швейцарскі механізм SW200-1A.
Сярод іншых патрабаванняў — раменьчык з натуральнай скуры, сапфіравае шкло з антыблікам з пярэдняга боку, задняя накрыўка корпусу з мінеральнага шкла, наяўнасць календара. Да гадзінніка павінна быць вырабленая падарункавая драўляная ўпакоўка з гравіраваннем.
У размове з Свабодай былы супрацоўнік заводу «Луч» пацвердзіў, што такое апісанне гадзінніка падыходзіць пад параметры прэміяльнай калекцыі заводу пад назвай «Сірыюс». Як адзначыў суразмоўца, гэта найдаражэйшыя гадзіннікі прадпрыемства.
«Калі я там працаваў, яны менш каштавалі, здаецца, каля 400 даляраў, але цяпер на ўсё цэны падняліся. Гэтая мадэль цалкам з Кітаю прыходзіць, там швейцарскі механізм, а на «Лучы» толькі зборка», — сказаў суразмоўца.
І сапраўды, на афіцыйным сайце «Луча» можна знайсці некалькі варыянтаў гадзіннікаў з калекцыі «Сірыюс», цана якіх акурат каля 800 даляраў.
Як адзначыў былы супрацоўнік заводу «Луч», дзяржаўныя органы мелі завядзёнку замаўляць такія гадзіннікі і раней, але калекцыю «Сірыюс» замаўлялі звычайна толькі «найвышэйшаму кіраўніцтву».
«Калі нехта раней замаўляў для супрацоўнікаў партыю звычайных гадзіннікаў, часам у якасці сувеніраў прасілі яшчэ асобна для кіраўніцтва найдаражэйшыя, і менавіта вось гэтую калекцыю ў тым ліку завод ім прапаноўваў».
Гэта не адзіны выпадак куплі сувеніраў цэнтральным апаратам Следчага камітэта. На сайце дзяржаўных закупаў ёсць некалькі падобных тэндараў, з якіх вынікае, што за мінулы год для патрэбаў гэтага дзяржаўнага органу за бюджэтныя сродкі набылі каля 168 наручных сувенірных гадзіннікаў на суму прыкладна 161 тысяча рублёў, або амаль 53 тысячы даляраў.