Улады Мінска адказалі, калі ў Чыжоўцы знікне смурод
Жыхарам сталічнага мікрараёна Чыжоўка, якія гадамі пакутуюць ад смуроду, агучылі прагнозы па вырашэнні праблемы. Яны не радуюць.
Намеснік старшыні Мінгарвыканкама Алег Корзун падчас сустрэчы з працоўным калектывам «Мінгарсвятла» прызнаў, што крыніцай моцных непрыемных пахаў з’яўляецца Мінская ачышчальная станцыя — жыхар вуліцы Чырвонаслабодскай паскардзіўся на смурод.
Корзун адказаў, што вядзецца рэканструкцыя ачышчальнай станцыі, і пасля выканання ўсіх запланаваных работ непрыемныя пахі павінны знікнуць.
Тэрміны выканання работ, аднак, наўрад ці парадуюць мінчукоў: паводле афіцыйнага праекта, рэканструкцыя павінна завяршыцца толькі да 2030 года. Корзун адзначыў, што горад ставіць задачу паскорыць працэс і справіцца да 2028-га, пішуць «Мінск-Навіны».