БЕЛ Ł РУС

Дураў праз абвал кошту Telegram страціў дзве траціны свайго багацця

11.03.2026 / 16:54

Nashaniva.com

Багацце заснавальніка месенджара Telegram Паўла Дурава значна зменшылася. Паводле часопіса Forbes, ягоны капітал скараціўся з 17,1 мільярда даляраў да 6,6 мільярда, гэта значыць прыкладна на 61%, піша The Moscow Times.

Павел Дураў. Фота: сацсеткі

Асноўная прычына — зніжэнне ацэнак падобных тэхналагічных кампаній. За апошні год Telegram не рабіў новых адкрытых прэзентацый для інвестараў, а таму магчымасць выхаду кампаніі на біржу (IPO) цяпер выглядае менш верагоднай. Акрамя таго, месенджар блакуецца на некаторых ключавых рынках, у тым ліку ў Расіі і Іране, што таксама ўплывае на ацэнку кампаніі.

Аналітыкі прапануюць параўноўваць Telegram з найбліжэйшым канкурэнтам — амерыканскім месенджарам Snapchat. Па колькасці карыстальнікаў яны падобныя: у Snapchat на канец 2025 года было каля 946 мільёнаў карыстальнікаў, а ў Telegram — больш за 1 мільярд. Аднак выручка Snapchat у 2025 годзе склала 5,9 мільярда даляраў, што амаль утрая больш за прагназаваныя 2 мільярды даляраў Telegram. Пры гэтым Snapchat завяршыў год са стратамі 460 мільёнаў даляраў, а Telegram паказаў страты 222 мільёны даляраў толькі за першае паўгоддзе. На фоне гэтага капіталізацыя Snapchat за год знізілася амаль удвая — да 8,7 мільярда даляраў, што паўплывала і на пераацэнку Telegram.

Дадатковы ціск на фінансы кампаніі можа аказаць неабходнасць пагашэння аблігацый. Першы выпуск аблігацый Telegram, разлічаны на пяць гадоў з купонам 7%, павінен быць пагашаны 22 сакавіка 2026 года. Кампанія ўжо часткова рэфінансавала доўг, але ёй яшчэ трэба выплаціць каля 1,1 мільярда даляраў. У чэрвені Telegram выпусціў новыя аблігацыі на 1,7 мільярда даляраў з больш высокай даходнасцю — 9%, што сведчыць пра рост рызык для інвестараў.

Павел Дураў упершыню трапіў у рэйтынг Forbes у 2016 годзе, калі яго багацце ацэньвалася на 600 мільёнаў даляраў. У 2018 годзе ён стаў мільярдэрам. Найвышэйшую ацэнку — каля 17,2 мільярда даляраў — яго капітал атрымаў у 2021 годзе, калі Telegram выпусціў першыя аблігацыі з магчымасцю абмену на акцыі пасля будучага IPO. Тады інвестары ацэньвалі кампанію прыкладна на 30—35 мільярдаў даляраў.

Некаторыя аналітыкі мяркуюць, што Дураў можа часткова разлічыцца з інвестарамі акцыямі Telegram без правядзення IPO. Сярод інвестараў, якія куплялі апошні выпуск аблігацый, называюцца буйныя фонды, у тым ліку BlackRock, Abu Dhabi і Mubadala. Магчыма, ім паабяцалі долю ў кампаніі.

Чытайце таксама:

У Расіі Паўла Дурава абвінавацілі ў садзейнічанні тэрарызму

Дураў пра абмежаванне Тэлеграма: Не ўдалося Ірану — не ўдасца і Расіі

Павел Дураў прапанаваў аплачваць ЭКА незамужнім жанчынам, якія хочуць зацяжарыць ад яго

Паўлу Дураву дазволілі выязджаць за межы Францыі

Каментары да артыкула